У Быхаўскім раёне сабакі выратавалі гаспадароў падчас пажару

Усяму віной вуглі, якія ляжалі каля хлява.

28.11.2024 / 14:18

Фота: МНС

У вёсцы Седзіч Быхаўскага раёна сабакі выратавалі сваіх гаспадароў ад гібелі ў пажары.

Гаспадар вечарам ачысціў ацяпляльны кацёл, а вуглі і попел вынес на вуліцу і пакінуў каля хлява. Бліжэй да апоўначы сям’я заснула.

Аднак а 4-й раніцы людзей пабудзіў гучны і настойлівы брэх трох сабак, якія начавалі ў доме. Гаспаданя выйшла на кухню і ўбачыла ў акне, што шчыльна прылеглы да дома хлеў ахоплены полымем, паведамляе МНС.

Пажарныя, якія прыехалі на выклік, не дазволілі агню знішчыць дом, аднак хлеў цалкам згарэў: знішчаны дах, пашкоджана перакрыццё, сцены і маёмасць.

Па папярэдніх даных, пажар узнік з-за незатушаных вуглёў.

Nashaniva.com