«Бессэнсоўна падаваць апеляцыю». Як беларусам адмаўляюць у польскіх візах і што яны з гэтым робяць

Візавы скандал у Польшчы працягваецца, канчаткова трансфармаваўшыся ў шэльмаванне праграмы PBH. На гэтым фоне ў беларусаў узмацніліся праблемы з атрыманнем польскіх віз. Devby.io зазірнуў у візавыя чаты — убачылі старую праблему («злавіць дату») і адносна новую («шмат адмоў»).

29.11.2024 / 13:36

Як ні старалася VFS Global абараніць электронную сістэму рэзервацыі візітаў ад пасярэднікаў — з дапамогай верыфікацыі праз МСІ (яе ўжо скасавалі) або з дапамогай фота — нічога не выйшла. Слотаў па-ранейшаму не злавіць, і дапамагатары па-ранейшаму прапаноўваюць свае паслугі.

Да гэтай праблемы дадалася новая: нават паспяховая падача дакументаў не гарантуе выдачы візы. Яна, вядома, ніколі не гарантавала на 100%, але апошнія месяцы адмоў як ніколі шмат, вынікае з паведамленняў у чатах.

Фёдар расказаў пра адмову ў працоўнай візе, нягледзячы на офер з Google, аднак беларусам таксама рэгулярна адмаўляюць у нацыянальных (D) і турыстычных візах. Часта ў матывіроўцы паказаны п. 10 — «сумневы ў дакладнасці заяўленай мэты знаходжання». 

Кейсы, калі заяўнікі нічога не разумеюць

Вось як пішуць пра такія кейсы ў чатах:

Рэцэптаў на выпадак адмовы два: апеляцыя і новая падача. Пры гэтым удзельнікі чата схіляюцца да таго, што апеляваць да консула — марнае дзела: дорага (ад 1 чэрвеня гэта каштуе 135 еўра) і неэфектыўна. Лепш падацца зноўку — можна ў той жа ВЦ і з тымі ж дакументамі. Зэканоміць наўрад ці ўдасца (бо ў дадатак да 35 еўра консульскага збору прыйдзецца заплаціць пасярэдніку за новую дату), але шанцаў на поспех так нібыта больш. Такія назіранні пераконваюць удзельнікаў чата ў тым, што часцяком адмовы рандомныя.

…і калі яны здагадваюцца пра прычыны

Але бываюць і іншыя кейсы, калі заяўнікі разумеюць (або думаюць, што разумеюць) прычыну адмовы. Так, адна беларуска мяркуе, што не атрымала турыстычнай візы С (у матывацыі — п. 10), бо па папярэдняй польскай шэнгенскай візе ездзіла толькі ў Літву і ў пашпарце няма штампа аб перасячэнні польскай мяжы. План — падавацца праз іншую краіну.

Другая кажа, што пры першай падачы не прыклала гарантыйнага ліста ад працадаўцы. На яе думку, гэта і стала прычынай адмовы. Апеляцыю падаваць яна не мае намеру, будзе лавіць/купляць дату на новы візіт у ВЦ.

Трэцяя беларуска сцвярджае, што прычынай адмовы (таксама п. 10) была памылка ў дакуменце. Яна яе выправіла, падалася зноўку і цяпер чакае пашпарт.

Бывае, прэтэндэнтам адмаўляюць па п. 3 (недастаткова сродкаў). У выпадку з працоўнай візай гэта адбываецца, калі ў дамове прапісаная мінімальная зп і яе памер ужо састарэў (планку мінімальнай зп рэгулярна павышаюць).

Хтосьці з удзельнікаў чата спрабуе прымірыць два меркаванні — што адмовы спрэс нематываваныя і што ў вялікай колькасці адмоў ёсць прычыны: 

— Вельмі шмат фактараў: як пустыя адмовы, так і абгрунтаваныя. Вельмі шмат левых запрашэнняў робяць, па іх адмоў больш за ўсё.

Nashaniva.com