«У мяне як прадстаўніка разведкі і контрразведкі гэта выклікае жах»

Пра актыўнасць КДБ, завербаваных беларусаў і менталітэт расіян дырэктар Дэпартамента дзяржаўнай бяспекі Літвы (ДДБ) Дарыюс Яўнішкіс расказаў у інтэрв’ю TV3 Televizija.

29.11.2024 / 17:06

Дырэктар ДДБ Дарыюс Яўнішкіс у Прэзідэнцкім палацы ў Вільні. Фота: Mindaugas Kulbis / AP.

Ёсць уцекачы, а ёсць і падазроныя вандроўнікі

Кіраўнік літоўскіх спецслужбаў падкрэслівае, што з разуменнем ставіцца да людзей, якія ўцякаюць ад рэпрэсій у Беларусі. Ён добра ведае, што ёсць беларусы, «якім сапраўды пагражае небяспека быць арыштаванымі, катаванымі».

Яго занепакоенасць выклікаюць беларусы, якія нібыта ўцякаюць ад рэжыму, але пры гэтым увесь час ездзяць у Беларусь. 

Некаторыя

«ўмудраюцца часам па сем разоў на год ездзіць у Беларусь, вяртацца сюды, зноў ехаць у Беларусь, вяртацца сюды. У мяне, як прадстаўніка разведкі і контрразведкі, гэта, шчыра кажучы, выклікае жах».

Яўнішкіс лічыць, што многія з частых вандроўнікаў, хутчэй за ўсё, завербаваныя беларускімі спецслужбамі для шпіёнска-дыверсійнай дзейнасці. Тым больш што «беларускі КДБ цяпер асабліва актывізаваўся. Гэта частка рэжыму, які агрэсіўна дзейнічае супраць літоўскай дзяржавы» — тлумачыць ён.

«Калі б раптам, чаго добрага, пачалася вайна…»

Кіраўнік ДДБ упэўнены, што ўсе беларусы, якія выязджаюць за мяжу, трапляюць пад нагляд беларускіх спецслужбаў.

«Няма там ніводнага чалавека [сярод тых, хто выязджае], які застаўся б без нагляду. Беларускі КДБ збірае інфармацыю пра кожнага».

Улічваючы недастатковы кантроль літоўскіх уладаў над міграцыяй з Беларусі, а таксама слабую інтэграванасць беларусаў у літоўскае грамадства, беларусы могуць стаць інструментам агрэсіўных дзеянняў супраць Літвы. 

Калі б раптам, чаго добрага, пачалася вайна, «я не магу выключыць, што частка гэтых людзей сыграла б пэўную ролю» — мяркуе дырэктар ДДБ, маючы на ўвазе імавернасць таго, што частка беларусаў магла б дзейнічаць як пятая калона Лукашэнкі і Пуціна.

Расейскі менталітэт і праблема Захаду

Яўнішкіс падзяліўся таксама думкамі пра расейскую ментальнасць: 

«Расейскі менталітэт — прымусіць цябе кланяцца, паставіць нагу на галаву і такім чынам цябе кантраляваць. Яны разумеюць, напэўна, толькі адну мову — калі ты адбіваешся. Вось тады пачынаюць неяк паважаць, хаця б трохі».

Нягледзячы на тое, што Расія вядзе поўнамаштабную вайну супраць еўрапейскай краіны, многія на Захадзе надалей у поўнай ступені не ўсведамляюць маштабаў пагрозы з боку Расіі.

«У мяне часам уражанне, што Заходняя Еўропа ўсцяж не зусім разумее, з якім праціўнікам мае справу», — адзначае кіраўнік літоўскіх спецслужбаў.

Канадскі прафесар заклікаў беларусаў да выключнай стрыманасці ў пытанні дыстанцыявання ад Расіі

Дэпартамент дзяржбяспекі Літвы: Знаходжанне Верамейчыка на тэрыторыі краіны ўяўляла пагрозу нацыянальнай бяспецы

«Па-ўсякаму бывае. Так дзяржава вырашыла, так зрабіла». Літоўскія чыноўнікі пракаментавалі справу Верамейчыка

Затрыманыя ў Рызе іспанцы планавалі тэракт у Літве

Імаверны прэм'ер Літвы: Штучныя абмежаванні для беларусаў нелагічныя. Беларусы дапамагаюць эканоміцы Літвы

Міхась Чэсны