У Паўднёвай Карэі адкрылі незвычайны Starbucks — з магчымасцю назіраць за жыхарамі КНДР

«Запрашаем зірнуць на адну з самых закрытых краін свету, атрымліваючы асалоду ад любімага напою».

29.11.2024 / 20:41

Паўднёвакарэйскія ветэраны п'юць каву на назіральнай пляцоўцы новай кавярні Starbucks. У гэтым жа месцы падчас Карэйскай вайны (1950-1953) яны ваявалі супраць салдат КНДР. Фота: SeongJoon Cho/Bloomberg/Getty Images

Паўднёвакарэйскі горад Кімпха стаў месцам, дзе сустрэліся бытавая штодзённасць і напружаная геапалітыка: у паўночнай частцы горада адкрылася новая кавярня Starbucks, якая прапануе наведвальнікам выпіваць любімыя напоі і адначасова назіраць за ізаляваным жыццём Паўночнай Карэі праз біноклі і аглядныя тэлескопы.

Кавярня размясцілася ў вежы абсерваторыі Экапарку Эгібонг (вядомы як Парк Міру), што ляжыць побач з ракой Ханган, якая служыць натуральнай мяжой паміж дзвюма краінамі, паведамляе агенцтва Bloomberg.

Як адзначае гарадскі ўрад Кімпха, гэтае месца мае асаблівую гістарычную значнасць, бо падчас Карэйскай вайны 1950—1953 гадоў тут вяліся суровыя баі. Паўночнакарэйскі спецыяльны раён Кэсон, які бачны з вежы парка Эгібонг, вядомы сваімі сельскагаспадарчымі землямі, а таксама прамысловымі і вайсковымі аб’ектамі. Зацікаўленасць турыстаў да гэтага рэгіёна не змяншаецца, бо жыццё ў Паўночнай Карэі па-ранейшаму застаецца загадкай для большасці іншаземцаў.

У Экапарку Эгібонг, паводле Bloomberg, турыстычны паток няспынна расце. За першыя дзесяць месяцаў гэтага года парк наведалі 135 тысяч чалавек — гэта на 24% больш, чым у мінулым годзе. 

Адкрыццё кавярні, паводле мясцовых уладаў, стане яшчэ адным крокам да ператварэння Эгібонга ў глабальную турыстычную лакацыю, бо Starbucks пакуль з'яўляецца адзінай камерцыйнай арганізацыяй, якая працуе на тэрыторыі парка.

Starbucks Korea, якая належыць рытэйлеру E-Mart, адмовілася ад каментароў наконт адкрыцця кавярні. Аднак прадстаўнік мясцовых уладаў горада Кімпха адзначыў, што кампанія выбрала гэта месца «з-за яго гістарычнай значнасці і захапляльных краявідаў».

Першыя наведвальнікі новай кавярні Starbucks на мяжы з КНДР. Фота: SeongJoon Cho/Bloomberg/Getty Images

У Мінску адкрылася кавярня, у якой «працуюць» біглі

Дзе знаходзіцца самая дарагая гандлёвая вуліца ў свеце

Хто той сабака, што бегаў па вяршыні піраміды Хеопса і праславіўся на ўвесь свет?

Nashaniva.com