Мінскія ўлады прадпісваюць упрыгожваць навагоднія вітрыны толькі «элементамі славянскага паходжання»
Як стала вядома выданню «Люстэрка», Мінгарвыканкам разаслаў у сталічныя арганізацыі гандлю і грамадскага харчавання прадпісанні наконт навагодніх упрыгожванняў. Цяпер у дэкоры вітаюцца толькі «элементы славянскага паходжання». Журналісты даведаліся ў чыноўнікаў, што будзе, калі ўпрыгожыць вітрыну Санта-Клаўсам і якая пазіцыя ва ўладаў наконт аленяў.
29.11.2024 / 22:01
Навагоднія вітрыны ГУМа. Фота: gum.by
У распараджэнне рэдакцыі «Люстэрка» трапілі лісты Мінгарвыканкама і адміністрацыі аднаго з раёнаў сталіцы, якія чыноўнікі адправілі ў гандлёвыя цэнтры, крамы, а таксама ў кавярні і рэстараны. Улады горада «ў мэтах забеспячэння адзіных падыходаў па выкарыстанні традыцыйных навагодніх і калядных вобразаў» і «прасоўвання беларускай культуры і традыцый» рэкамендуюць выкарыстоўваць пры святочным афармленні аб'ектаў канкрэтныя ўпрыгожанні.
Пажаданні такія — гэта павінны быць «сімвалы, элементы славянскага паходжання, у тым ліку выявы Дзеда Мароза і Снягуркі, якія не супярэчаць гістарычным, культурным і духоўным традыцыям беларускага народа».
Раённая адміністрацыя дадала: аформіць аб'екты гандлю і грамадскага харчавання неабходна «з выкарыстаннем сучасных дэкаратыўна-светлавых і дызайнерскіх прыёмаў». Афармляць прапануюць фасады, вітрыны, уваходныя групы, прылеглую тэрыторыю, інтэр'еры залаў. Дэдлайн — 4 снежня. Пасля трэба даслаць фатаграфію мясцовым уладам.
«Алені на санях — можа, і нічога»
Журналістка «Люстэрка» пад выглядам супрацоўніцы адной з мінскіх крамаў звярнулася ў аддзел гандлю і паслуг адміністрацыі Ленінскага раёна Мінска. Там пацвердзілі: патрабаванні наконт упрыгожванняў сапраўды ёсць.
— Санта-Клауса нельга, атрымліваецца? — пацікавілася журналістка.
— Не, не. Атрымліваецца, Дзед Мароз наш, Снягурка традыцыйна… — адказала супрацоўніца адміністрацыі.
— Мы проста замовілі з Кітая такую фігурку, і там асабліва не зразумееш: гэта Дзед Мароз ці Санта-Клаус. Нібыта тоўсценькі, з барадой.
— Ну вось Санта-Клаус ужо не вітаецца. З барадой… Трэба, каб Дзеда Мароза замовілі звычайнага.
— А калі Снягурку побач паставіць, можа, сыдзе за Дзеда Мароза?
— Не. Санта-Клаус — ужо абмяркоўвалі, што не.
— Я яшчэ хацела ўдакладніць. Мы такую гірлянду замовілі — там алені і санкі. Аленяў можна? Яны ж у нас нібыта водзяцца.
— Алені нібыта водзяцца. На чым у нас Дзед Мароз едзе? На санях. А хто яго вязе? Конь нібыта. Не ведаю, што сказаць. Алені… Алені на санях… Ну, алені на санях — можа, і нічога.
— А калі нешта няправільна будзе, аштрафуюць? Ці проста прадпісанне будзе прыбраць?
— Скажуць, што няправільна, вядома. Што парушаюцца нашы славянскія традыцыі. Прыбраць скажуць. Ну што тут, ужо будзе цэлы скандал. Таму ўсё, як было ў старыя добрыя часы. Елка, Дзед Мароз, Снягурка.
Варта згадаць, што ў мінулым годзе з Санта-Клаусам як навагоднім сімвалам змагалася вядомая даносчыца Вольга Бондарава.
«Санта-Клаўс тут больш не спыняецца». Бондарава знайшла «крамолу» на мінскім Галоўпаштамце
Стала вядома, колькі сёлета давядзецца заплаціць за натуральную навагоднюю ялінку
У грамадскім транспарце ў Мінску можна будзе адправіць ліст Дзеду Марозу
Навагоднія кірмашы ў Мінску адкрыюцца праз два тыдні
Стала вядома, калі запаляць агеньчыкі на елцы на Кастрычніцкай плошчы
У Мінску з'явілася казачна прыгожая навагодняя лакацыя
Стала вядома, як сёлета будуць выглядаць навагоднія елкі ў Мінску ФОТЫ