Агенты ГРУ Мішкін і Чапіга, якія атруцілі Скрыпалёў, вярбуюць людзей для дыверсій у Еўропе

Агенты ГРУ, якія атруцілі Скрыпалёў у Солсберы, займаюцца вярбоўкай людзей для арганізацыі дыверсій у Еўропе. Аб гэтым у эфіры «Дождя» расказаў журналіст Der Spiegel і The Insider Хрыста Грозеў.

30.11.2024 / 10:34

«Чапіга зараз жыве на Мічурынскім праспекце ў Маскве і займаецца навучаннем іншых шпіёнаў, як прафесійных спецыялістаў, так і непрафесійных злачынцаў. Пра Мішкіна мы ведаем, што ў пачатку вайны ён знаходзіўся за лініяй фронту. Ён быў часткай групы, якая здзяйсняла дыверсіі на ўкраінскай тэрыторыі, але па апошніх даных ён таксама займаецца навучаннем і вярбоўкай», — расказаў журналіст.

Паводле яго слоў, вярбоўкай людзей для арганізацыі дыверсій у Еўропе займаецца цэнтр ГРУ, у склад якога ўваходзіць у тым ліку аддзел 29155, які арганізаваў атручэнне Сяргея Скрыпаля і яго дачкі, а таксама выбухі на складах у Чэхіі.

Ён дадаў, што камандзір часткі 29155 у ГРУ Андрэй Авяр'янаў, які курыраваў атручэнне Скрыпалёў, «дабіўся таго, што стаў самым важным чалавекам у ГРУ». Цяпер ён першы намеснік кіраўніка ГРУ і курыруе адразу чатыры аддзелы. Паводле слоў журналіста, Авяр'янаў таксама займаўся вярбоўкай талібаў у Афганістане з мэтай забойстваў амерыканскіх салдат.

Анатолій Чапіга (Башыраў) і Аляксандр Мішкін (Пятроў) — супрацоўнікі ГРУ Расіі, якіх улады Вялікабрытаніі абвінавацілі ў атручэнні былога супрацоўніка ГРУ Сергея Скрыпаля і яго дачкі Юліі ў англійскім Солсберы ў 2018 годзе. Паводле версіі ўладаў Чэхіі, Мішкін і Чапіга таксама маюць дачыненне да выбухаў на складзе зброі ў чэшскай вёсцы Врбетыцы ў 2014 годзе.

Выкрытыя ў Брытаніі шпіёны збіраліся вывезці ў Расію журналіста Хрыста Грозева, які дапамагаў Навальнаму

Nashaniva.com