За пяць гадоў абароны ў Грузіі папрасіла больш за 70 беларусаў, тром дзясяткам ужо адмовілі
З 2019 года да канца трэцяга квартала 2024-га па абарону ў Грузіі звярнуліся 73 грамадзяніны Беларусі, адмову ўжо атрымаў 31 чалавек, вынікае з падрыхтаванага на падставе даных грузінскага МУС даследавання. Яго вынікамі з «Позіркам» падзяліўся праваабаронца Раман Кісляк.
01.12.2024 / 12:43
Адмовы ў наданні палітычнага прытулку ў 2019—2022 гадах былі адзінкавымі, у 2023-м і першым паўгоддзі 2024-га іх не было зусім. Абсалютная большасць адмоў — 25 з 31 — прыйшлася на ліпень — верасень гэтага года.
«Пасля зацішша з разглядам запытаў беларусаў на прытулак са жніўня 2024 года дэпартамент міграцыі МУС пачынае актыўна разглядаць беларускія справы і штампаваць адмовы ў прытулку, — канстатаваў праваабаронца. — Гледзячы па апытаннях, якія пацвярджаюцца афіцыйнай статыстыкай МУС, ніхто з беларусаў не змог атрымаць статут уцекача ў Грузіі».
Паводле яго слоў, пасля атрымання адмоў «ідзе масавая падрыхтоўка і падача скаргаў у Тбіліскі гарадскі суд».
«Відавочна, што нехта ва ўрадзе Грузіі напярэдадні выбараў у парламент (адбыліся 26 кастрычніка; пераможцам абвясціла сябе кіроўная партыя «Грузінская мара», якая ідзе прарасійскім курсам на шкоду еўрапейскай перспектыве краіны. — «Позірк».) вырашыў усім беларусам адмовіць у прытулку, незалежна ад абставін, на якія яны спасылаюцца. Мы бачым у гэтым дыскрымінацыю паводле прыкметы нацыянальнага паходжання, якая ў міжнародным праве трактуецца як адна з форм расавай дыскрымінацыі», — падкрэсліў Кісляк.
Згодна з даследаваннем, больш за ўсё беларусаў звярталася па гуманітарны статус у 2023 і 2024 гадах — 21 і 32 адпаведна. Сярод тых, хто папрасіў абароны за апошнія пяць гадоў, пераважаюць мужчыны і жанчыны 26—40 гадоў, налічваецца 15 дзяцей.
Абапіраючыся на статыстыку МУС, аўтары даследавання падлічылі колькасць беларусаў у Грузіі — 12955 (без уліку турыстаў).
«Можна меркаваць, што «пашпартны ўказ» моцна ўплывае на дынаміку адтоку беларусаў у 2024 годзе, аднак на сённяшні момант больш падрабязных даных няма. У лістападзе 2024 года ў Грузіі пачаўся перапіс насельніцтва, ён таксама можа даць больш падрабязныя звесткі пра беларусаў, якія жывуць у краіне, аднак толькі налета», — гаворыцца ў дакуменце.
Грузія — адна з краін, куды беларусы эмігравалі, ратуючыся ад рэпрэсій, што распачаліся ў Беларусі пасля сфальсіфікаваных выбараў 2020 года. Туды ж рэлакавалася істотная частка беларускага ІТ-бізнесу.
Шмат у чым гэта было абумоўлена мяккімі ўмовамі перабывання ў краіне — беларусы могуць знаходзіцца ў Грузіі без візы на працягу года, а для абнулення бязвізавага тэрміну дастаткова выехаць за мяжу і адразу вярнуцца на грузінскую тэрыторыю (г. зв. «візаран»). Разам з тым апошнім часам пачасціліся выпадкі, калі грузінскія памежнікі не дазвалялі беларусам вяртацца ў краіну пасля «візарану».
Легалізавацца ў Грузіі беларусам няпроста, асабліва ў святле «пашпартнага ўказу» № 278, якім Лукашэнка пазбавіў замежныя ўстановы магчымасці падаўжаць тэрмін дзеяння пашпарта беларускага грамадзяніна і выдаваць новыя дакументы.