Беларуса, якога затрымалі на пратэстах у Грузіі, вызвалілі з СІЗА
Як распавёў «Медыязоне» Яўген Муравіцкі, яго адпусцілі 2 снежня каля 7 раніцы.
02.12.2024 / 10:17
На беларуса склалі пратакол паводле артыкула аб «абразе спецназаўца», але пасля вызвалення з СІЗА не выдалі на рукі дакументы.
На 3 снежня яму прызначаны візіт у міграцыйную службу.
Пра затрыманне Яўгена стала вядома 30 лістапада.
Пратэсты ўспыхнулі ў краіне з новай сілай 28 лістапада пасля заявы прэм'ер-міністра Іраклія Кабахідзэ аб замарожванні да 2028 года перамоваў аб уступленні Грузіі ў Еўрасаюз і адмове ад любых бюджэтных грантаў з боку ЕС.
28 і 29 лістапада ў Тбілісі ў выніку сутыкненняў, паводле звестак МУС, было затрымана 150 чалавек (43 і 107 адпаведна).
Муравіцкага затрымалі нараўне з 8 грамадзянамі Расіі і адным амерыканцам. Мясцовыя праваабаронцы, апазіцыйныя журналісты і палітыкі ацанілі дзеянні паліцыі як неадэкватныя, асабліва 29 лістапада: на відэакадрах бачна, як сілавікі збіваюць людзей, якія ляжаць; акрамя таго, пацярпелі прадстаўнікі СМІ.
30 лістапада на вуліцах Тбілісі і іншых гарадоў прайшлі самыя масавыя акцыі, якія падтрымлівае прэзідэнт Зурабішвілі, якая мае па Канстытуцыі абмежаваныя паўнамоцтвы.
Сілавікам, якія падпарадкоўваюцца ўраду, упершыню не ўдалося разагнаць пратэстоўцаў, і акцыя без перапынку працягнулася 1 снежня. Затрыманых у трэці дзень было менш — 50 чалавек.