Лукашэнка: Тое, што адбываецца ў беларускім кінематографе, гэта проста ганьба

Тое, што сёння адбываецца ў беларускім кінематографе, гэта проста ганьба і недапушчальна. Аб гэтым Аляксандр Лукашэнка заявіў 2 снежня, прызначаючы Руслана Чарнецкага новым міністрам культуры.

02.12.2024 / 12:58

«Культурны код» — ідэалагічны кінапраект, створаны на замову Мінкульта спецыяльна да новага дзяржсвята — Дня народнага адзінства

«З усіх мастацтваў для нас найважнейшым з'яўляецца кіно. І тое, што адбываецца ў нашым кінематографе, гэта проста ганьба. Гэта недапушчальна. Мы скаціліся, мы сталі горш выглядаць да таго савецкага перыяду, калі надавалі сур'ёзную ўвагу кінематографу.

Не скажу, што мы ў гэтым не зацікаўлены, але чамусьці ўсе жадаюць мець грошы, але на выхадзе не жадаюць пагадзіцца з тым, што трэба мець добры фільм, карціну добрую. Звярніце на гэтую самую сур'ёзную ўвагу», — даручыў Лукашэнка.

Новы міністрам культуры Руслан Чарнецкі, фільмаграфія якога налічвае 118 серыялаў і фільмаў — пераважна ў другасных ролях, адказаў, што працягне сваю працу акторам і мае намер вельмі шчыльна і сур'ёзна заняцца пытаннямі кінематографа. 

«Па-першае, я — артыст. І нікуды гэта ад мяне не дзенецца. Той глядач, якому я важны на сцэне, які мяне любіць, як ён можа мяне страціць?!»

Лукашэнка таксама дадаў, што рашэнне прызначыць новага міністра культуры не было звязана з тым, што Анатоль Маркевіч, які займаў гэту пасаду, не справіўся са сваімі абавязкамі.

«Гэты чалавек з іншай сферы, і я спецыяльна накіроўваў туды чалавека з іншай сферы. Я яму не зайздрошчу: яму было вельмі цяжка. Таму я ўсё ж вяртаюся да таго, што гэта павінен быць «іх чалавек», як кажуць, са сферы культуры. Вам гэта ўсё знаёма.

Вы вельмі патрыятычны, надзейны чалавек. Спадзяюся, вы справіцеся з гэтай працай. Проста па-мужчынску хачу сказаць: у цябе, Руслан, іншага шляху няма. Або памерці, або навесці парадак у гэтай сферы», — сказаў Лукашэнка. 

Nashaniva.com