Ціханоўская: Мы не павінны дазволіць дыктатарам пасварыць беларусаў і літоўцаў
Святлана Ціханоўская адкрыла беларуска-літоўскую канферэнцыю, якая праходзіць у Вільні. Мэты мерапрыемства — спрыяць дыялогу для еўраінтэграцыі Беларусі, знайсці эфектыўныя спосабы барацьбы з дэзінфармацыяй і ўмацаваць беларуска-літоўскае супрацоўніцтва.
02.12.2024 / 13:00
Фота: ОСЦ
Падчас прамовы беларуская лідарка акцэнтавала ўвагу на важнасці сумеснай працы над вырашэннем праблемаў, што існуюць цяпер у беларуска-літоўскіх адносінах, а таксама прапанавала 4 варыянты ўмацоўвання гэтых стасункаў, паведамляе яе прэс-служба.
«Першае. Мы не павінны дазволіць дыктатарам пасварыць беларусаў і літоўцаў. А менавіта такую мэту яны перад сабой ставяць. Рэжым Лукашэнкі нібыта шукае слабае месца, каб разбурыць нашую салідарнасць. На гэта нельга паддавацца. Мы павінны супрацьстаяць правакацыям разам.
Другое. Мы павінны палепшыць узаемаразуменне. Давайце арганізоўваць дыскусіі экспертаў, інтэлектуалаў і культурныя падзеі. Перакладаць літаратуру, дзяліцца гісторыямі і выходзіць у медыя, каб будаваць масты паміж нашымі народамі.
Трэцяе. Давайце ствараць умовы для супрацоўніцтва і інтэграцыі. Беларусы хутка інтэгруюцца, але праз візавыя ці іншыя складанасці, многія цяпер пераязджаюць у іншыя краіны. Некаторыя праблемы вырашаюцца. Аднак, трэба прызнаць, не заўжды стаўленне да беларусаў справядлівае. Часта бываюць адмовы па фармальных прычынах ці нават праз радок у біяграфіі».
Па-чацвёртае, па словах Ціханоўскай, варта разам адстойваць еўрапейскую будучыню і еўрапейскія каштоўнасці і выступаць адзіным голасам на міжнароднай арэне.