Беларусы адкрылі ў Польшчы аўтасэрвіс з запамінальнай назвай

Беларусы адкрылі СТА ў месцы з адметнай гісторыяй і расказалі, чым беларускі сэрвіс адрозніваецца ад польскага.

03.12.2024 / 14:43

Алесь Чахоўскі (злева) і прадпрымальнік Андрусь Барашка. Скрын відэа: AlesChakhouski / YouTube

Андрусь Барашка расказаў, як адкрыў з партнёрамі аўтасэрвіс у польскім Гданьску, у новым выпуску праекта Алеся Чахоўскага «Беларускі вайб». 

Андрусь вялікі аўтааматар. Менавіта гэта прывяло да таго, што ён вырашыў адкрыць аўтасэрвіс:

«Калі мы пераехалі ў Польшчу, мы накуплялі сабе класнага аўташроту затанна. Была патрэба яго рамантаваць. Мы паехалі да аднаго аўтасэрвісу, другога, трэцяга. І скажу такую дзіўную рэч — нам не спадабалася. (…)

Візіт на аўтасэрвіс не задавальняў так, як задавальняў любы аўтасэрвіс у любой вёсцы ў Беларусі. І гэта было вельмі дзіўнае адчуванне, таму што машыны танныя, рынак дазваляе купіць амаль усё што пажадаеш за нармальныя грошы. А вось падтрымліваць машыну (без розніцы, якога ўзросту) — гэта выклікае пытанні».

У выніку беларусы знайшлі аўтасэрвіс, які належаў землякам. Праз некаторы час уладальнікі ў сувязі з пашырэннем бізнэсу пераехалі ў новае месца і прапанавалі Барашку і яго сябрам адкрыць у майстэрні, якая вызваляецца, сваю справу.

Над назвай думалі доўга. У выніку сышліся на «Бобр-аўтасэрвіс». Можна падумаць, што гэта адсылка да вядомага ў Польшчы мема. Але прадпрымальнікі тлумачаць інакш: у польскім вымаўленні «bóbr» чытаецца як «бубр», і назва кампаніі (Bóbr Kapital) атрымліваецца сугучнай з вядомай у Беларусі інвестыцыйнай кампаніяй «Зубр капітал», заснавальнікам якой з'яўляецца Алег Хусаенаў.

Для палякаў прыдумалі іншую версію пра назву:

«Бабры — адны з нямногіх жывёл, якія могуць не толькі будаваць, але і рамантаваць. Калі іх хаткі зносіць, яны вяртаюць іх да першаснага стану. Мы з машынамі робім трохі тое ж самае. Мы іх рамантуем».

Па словах Андруся, так сталася, што амаль палову іх кліентаў складаюць беларусы. А на самім аўтасэрвісе працуюць адны землякі. Барашка кажа, што гэта выпадковасць, яны не ставілі мэты наймаць толькі беларусаў. Але хацелі зрабіць свой аўтасэрвіс па беларускіх стандартах абслугоўвання:

«Хочацца ў нармальным сэнсе слова беларускага аўтасэрвісу, бо мы трошкі разбэшчаныя ў Беларусі добрымі аўтасэрвісамі, механікамі, якія працуюць хутка, якія могуць быць досыць разнапланавымі ў сэнсе дыягностыкі».

Аўтамайстэрня адкрылася летась і ўжо набыла пастаянных кліентаў.

«Тут усе петралхэды», — коратка заўважае адзін з кліентаў-беларусаў для таго, каб патлумачыць, чаму ён карыстаецца менавіта гэтым сэрвісам.

Андрусь расказвае, што іх аўтасэрвіс знаходзіцца ў будынку, які быў адмыслова пабудаваны для аўтамайстэрні ў перыяд ваеннага становішча ў Польшчы ў пачатку 1980-х гадоў.

«Наша ўладальніца жыве над намі. Ёй 82 гады. Яна інжынер-механік і яшчэ можа выйсці і расказаць усім механікам, што і як трэба рабіць. Яна шчыра цікавіцца машынамі і толькі два гады як не ездзіць за стырном. (…) Прыносіць нам цікавыя артэфакты з мінулага жыцця гэтага варштату.

Яна яго сама будавала. Яна з сям'і інжынераў. У яе былі яшчэ два браты — яны самі тут гайкі круцілі. Таму ў яе тут усё выверана. Вокны, праходы скразныя — гэта ўсё іх думка».

Андрусь Барашка заўважае: пасля пераезду за мяжу пераканаўся, што беларусы «гэта знак якасці».

У Іспаніі накрылі падпольную аўтамайстэрню беларусаў. У іх на рабскіх умовах таксама працавалі беларусы

Чым жарты беларусаў адрозніваюцца ад іншых?

Беларускі дызайнер шые абутак у Нью-Ёрку, які носіць Мадонна і Джэніфер Лопэс

Nashaniva.com