Камуністы збіраюць подпісы адразу з двума бюстамі Леніна ФОТАФАКТ
Пікет у падтрымку Сяргея Сыранкова арганізавалі ў Барысаве.
02.12.2024 / 15:22
Фота: Кампартыя Беларусі
На пікет камуністы прыйшлі з рэквізітам. Акрамя традыцыйных чырвоных сцягоў, на стале паставілі адразу два бюсты Леніна — большы, другі меншы.
Сыранкоў ідзе на выбары пад лозунгам «Не замест Лукашэнкі, а разам з ім». У першы дзень збору подпісаў ён дэманстратыўна падпісаўся за Лукашэнку. Яго каманда, у якую ўваходзяць у тым ліку прапагандысты Аляксей Дзермант і Пётр Пятроўскі, не хавае, што Сыранкоў з'яўляецца спойлерам, а не рэальным прэтэндэнтам.
Самі Дзермант і Пятроўскі раней крычалі на польскім «Тшэба» вылучэнню Лукашэнкі на сёмы тэрмін.
Збор подпісаў за вылучэнне кандыдатаў завершыцца 6 снежня. Ініцыятыўная група Лукашэнкі ўжо паведаміла, што сабрала больш за 1,5 мільёна подпісаў. У штабе падкантрольнага прэтэндэнта Алега Гайдукевіча таксама заявілі, што сабралі неабходныя 100 тысяч подпісаў.
Акрамя іх, у кампаніі ўдзельнічаюць прадстаўнік праўладнай партыі працы і справядлівасці Аляксандр Хіжняк і Ганна Канапацкая.