Як мінімум 56 чалавек загінулі падчас цісканіны на футбольным стадыёне ў Гвінеі
Трагедыя адбылася ў нядзелю падчас фіналу футбольнага турніру ў горадзе Нзэрэкорэ, напісаў у сацсетцы Х прэм'ер-міністр краіны Амаду Уры Ба.
02.12.2024 / 22:51
Беспарадкі на стадыёне пачаліся пасля таго, як рэферы, які судзіў матч мясцовай каманды з камандай з горада Лабе, вынес рашэнне аб пенальці, якое заўзятары палічылі несправядлівым. Яны пачалі кідаць у суддзю камяні і бутэлькі, потым выбеглі на футбольнае поле.
Пасля гэтага ахова ўжыла слёзатачывы газ, і на стадыёне ўтварылася цісканіна.
На відэа з матчу бачна, як людзі спрабуюць пакінуць стадыён, караскаючыся на высокі плот і затым саскокваючы з вышыні.
Таксама відэа з месца падзей паказваюць перапоўненыя бальніцы, у якіх пацярпелыя ляжаць на падлозе ў калідорах, пакуль ім аказваюць дапамогу. Агенцтва AFP са спасылкай на мясцовых лекараў паведамляе таксама пра перапоўнены морг.
Пакуль вядома, што як мінімум 56 чалавек загінулі, уключаючы дзяцей.
У мясцовай апазіцыі заявілі, што турнір быў арганізаваны «для падтрымкі незаконных і недарэчных палітычных амбіцый вайсковага лідара, прэзідэнта Гвінеі Мамадзі Думбуя».
Міністр камунікацый Гвінеі Фана Сумах у звароце, зачытаным па нацыянальным тэлебачанні, пацвердзіў, што расследаванне трагедыі ўжо пачатае. Думбуя сітуацыю не каментаваў.
У Індыі каля сотні чалавек загінулі ў цісканіне падчас рэлігійнага сходу
Больш за 550 паломнікаў загінулі падчас хаджу з-за нечуванай спёкі. У Меццы зараз +51°С
Сёння 25 гадоў трагедыі на Нямізе, адной з самых страшных у найноўшай гісторыі Беларусі