У Тбілісі пратэстоўцаў рассеялі на праспекце Руставелі

Пяты дзень пратэстаў у сталіцы Грузіі.

03.12.2024 / 07:23

Фота: Newsgeorgia.ge

Уначы пратэстоўцы заставаліся на праспекце Руставелі ў цэнтры Тбілісі.

Акцыя пратэсту традыцыйна пачалася ў 19: 00 ля парламента Грузіі, але, у адрозненне ад папярэдніх дзён, адразу перарасла ў супрацьстаянне паміж дэманстрантамі і спецназам.

Самая актыўная частка мітынгоўцаў пачала закідваць камянямі, бутэлькамі і іншымі прадметамі, а таксама піратэхнікай мабілізаваны ля параднага ўваходу ў парламент спецназ.

Незадоўга да пачатку зачысткі тэрыторыі перад парламентам, МУС зрабіла заяву аб тым, што мітынгоўцы маюць пры сабе прадметы, якія, як і ў папярэднія дні, могуць быць выкарыстаны для гвалтоўных дзеянняў.

Калі ў першыя дні эпіцэнтрам падзей у асноўным станавіліся бакавыя вуліцы, то апошнія два дні галоўнай мішэнню стаў фасад будынка парламента, які выходзіць на праспект Руставелі.

Спецназ прыступіў да зачысткі праспекта Руставелі ля парламента нашмат раней, чым гэта было ў папярэднія дні. Уначы пратэстоўцы былі рассеяны на праспекце Руставелі ад Tbilisi Marriott да плошчы Першай Рэспублікі.

Іншая частка мітынгоўцаў знаходзіцца на вуліцы Бараташвілі, патрабуючы праходу да плошчы Свабоды, ад якой да парламента метраў 200-250. Дарогу ім заступіў спецназ са спецтэхнікай.

Nashaniva.com