Адна з найбагацейшых жанчын В'етнама прайграла апеляцыю. Калі яна не зможа сабраць $9 мільярдаў, яе пакараюць смерцю
В'етнамская прадпрымальніца Чыонг Мі Лан, адна з найбагацейшых жанчын краіны, прайграла апеляцыю па справе аб махлярстве, але яе прысудзілі да смяротнага пакарання. Яна можа пазбегнуць вышэйшай меры, калі заплаціць 9 млрд даляраў ЗША — тры чвэрці ад сумы, якую яна атрымала ў выніку свайго махлярства, піша Бі-бі-сі.
03.12.2024 / 13:49
Congan.com.vn
68-гадовая Чыонг Мі Лан была прысуджаная да смяротнага пакарання ў красавіку.
Як устанавіў суд, Чыонг Мі Лан за перыяд з 2011 да 2022 года атрымала крэдыты на суму 304 трлн донгаў (блізу 12,5 млрд даляраў ЗША) ад банка Saigon Commercial Bank. Гэта — амаль 3% ад ВУП В'етнама ў 2022 годзе. Пры гэтым агульная шкода ад яе дзеянняў ацэньваецца ў 27 млрд даляраў.
Згодна з в'етнамскім законам, калі прысуджаныя да смяротнага пакарання за эканамічныя злачынствы вернуць 75% выкрадзеных сродкаў, іх жыццё захаваюць.
Так што Чыонг Мі Лан павінна заплаціць каля 9 млрд даляраў, каб пазбегнуць смяротнага пакарання.
У ходзе апеляцыі абарона прадпрымальніцы прасіла змяніць прысуд на пажыццёвае зняволенне. Па словах адвакатаў, ёй будзе нашмат прасцей сабраць неабходную суму, калі над асуджанай не будзе навісаць пагроза смяротнага пакарання. Каб сабраць 9 млрд даляраў, Чыонг Мі Лан трэба прадаць актывы, напрыклад, нерухомасць у Хашыміне, акцыі і долі ў прадпрыемствах і будаўнічых праектах.
«Агульны кошт яе актываў перавышае патрабаваную суму кампенсацыі», — растлумачыў Бі-бі-сі адзін з яе адвакатаў. «Аднак для іх продажу трэба прыкласці шмат намаганняў і выдаткаваць шмат часу: многія з яе актываў — гэта нерухомасць, якую нельга хутка рэалізаваць».
Нягледзячы на аргументы абароны, суд не стаў змяняць прысуд Чыонг мі Лан. У яе яшчэ засталася магчымасць папрасіць прэзідэнта аб амністыі.
Калі менавіта плануецца прывесці прысуд у выкананне, невядома: В'етнам ставіцца да смяротнага пакарання як да дзяржаўнай таямніцы і не публікуе даныя пра яе. Як правіла, паміж прысудам і выкананнем праходзіць некалькі гадоў, хоць зняволеным паведамляюць аб будучым пакарання зусім незадоўга да яго.
Справа Чыонг Мі Ланг — рэдкі выпадак, калі жанчыну ў В'етнаме прысуджаюць да смяротнага пакарання за эканамічнае злачынства. Збольшага гэта тлумачыцца беспрэцэдэнтным маштабам крымінальнай справы. Дзяржаўны банк В'етнама, мяркуючы па ўсім, выдаткаваў мільярды даляраў на рэкапіталізацыю Saigon Commercial Bank, каб пазбегнуць панікі ў банкаўскім сектары.
Акрамя Чыонг Мі Лан, па крымінальнай справе праходзілі яшчэ 85 чалавек, у тым ліку яе муж і пляменніца. Усе яны былі прызнаныя вінаватымі і атрымалі ад трох гадоў умоўна да 20 гадоў зняволення.
У кастрычніку Чыонг Мі Лан была прысуджаная да пажыццёвага зняволення па іншай крымінальнай справе — аб адмыванні грошай.