Беларус, якога затрымлівалі на акцыі ў Тбілісі, падаецца на міжнародную абарону ў Грузіі
Напярэдадні па месцы жыхарства Яўгена Муравіцкага шукалі сілавікі.
03.12.2024 / 13:59
Раніцай Муравіцкі падаў дакументы на міжнародную абарону ў міграцыйную службу ў Тбілісі, але праз гадзіну іх вярнулі, распавёў «Салідарнасці» праваабаронца Раман Кісляк.
Пасля яго адправілі ў іншы аддзел, дзе Яўгена Муравіцкага апыталі, сказалі, што яму неабходна зрабіць візаран (перасекчы мяжу з Грузіяй). Даведаўшыся, што ён мае намер звяртацца па міжнародную абарону, растлумачылі, што ў візаране няма сэнсу, дапоўніў праваабаронца.
А 14.00 паводле грузінскага часу Яўген Муравіцкі робіць другую спробу падаць заяву з просьбай аб атрыманні міжнароднай абароны.
Напярэдадні беларуса па месцы жыхарства ў Тбілісі шукалі сілавікі. Па словах Рамана Кісляка, чацвёра асоб у цывільным адзенні апытвалі суседзяў Яўгена.
30 лістапада беларуса Яўгена Муравіцкага затрымалі ў Тбілісі на праспекце Руставелі. З СІЗА яго вызвалілі 2 снежня, склаўшы пратакол паводле артыкула аб «абразе спецназаўца».