У Брытаніі ідзе суд над балгарамі, якіх падазраюць у шпіянажы на карысць Расіі
Прадугледжвалася кібератака на ўкраінскіх вайскоўцаў
04.12.2024 / 08:34
У аўторак Цэнтральны крымінальны суд Лондана (Олд-Бейлі), дзе праходзіць працэс над групай грамадзян Балгарыі, якія падазраюцца ў шпіянажы на замову расійскіх спецслужбаў, заслухаў паказанні аб маштабнай аперацыі, якая рыхтавалася групай, якая мела прамое дачыненне да вайны ва Украіне, піша Бі-бі-сі.
Паводле звестак дзяржабвінавачання, падсудныя адсочвалі і рыхтаваліся ўзламаць мабільныя тэлефоны ўкраінскіх вайскоўцаў, якія навучаліся працы з амерыканскім зенітна-ракетным комплексам Patriot на авіябазе ЗША ў Германіі.
Гэтая аперацыя, якая была спыненая толькі пасля арышту падазраваных, мела б сур'ёзныя наступствы для абароны Украіны, заявіла абвінавачванне ў судзе ў аўторак.
Усяго на лаве падсудных пяць чалавек: 33-гадовая Катрын Іванова, 30-гадовая Ваня Габерава, 39-гадовы Ціхамір Іванчаў (усе трое абвінавачвання ў свой адрас адмаўляюць), а таксама 46-гадовы Арлін Русеў і 43-гадовы Бізер Джамбазаў, якія прызналі, што займаліся шпіянажам.
Русева абвінавачанне лічыць арганізатарам усёй групы. Брытанская пракуратура сцвярджае, што ён атрымліваў інструкцыі ад грамадзяніна Аўстрыі Яна Марсалека, які, як раней паведамлялася ў судзе, з'яўляўся расійскім агентам.
У прыватнасці, дзяржабвінаваўца Элісан Морган сцвярджае, што Катрын Іванова з дапамогай апарата Stealth Catcher IMSI Grabber у кастрычніку—лістападзе 2022 года спрабавала здабыць звесткі асабістых тэлефонаў украінскіх вайскоўцаў, дыслакаваных на амерыканскай вайсковай базе недалёка ад Штутгарта.
Калі б гэта ўдалося, Расія змагла б вызначыць размяшчэнне установак Patriot на тэрыторыі Украіны.