Як у школьныя электронныя дзённікі трапіла рэклама піва? З'явілася тлумачэнне
Карыстальніку, які некалі шукаў у інтэрнэце піва, кантэкстная рэклама Яндэкса прапанавала яшчэ адзін банэр з півам. А ён напісаў скаргу на школьныя дзённікі — што вінаватыя яны.
04.12.2024 / 10:11
Фота: AP Photo / Michal Dyjuk
Сэрвіс электронных дзённікаў schools.by могуць закрыць. Пакуль МАРГ вынес папярэджанне ТАА «Адукацыйныя сістэмы», але паўторнае парушэнне пацягне больш сур'ёзныя наступствы. Справа — у рэкламе піва, якая размяшчалася там.
У schools.by патлумачылі, як у сэрвісе з'явілася рэклама піва.
«У выніку тэхнічнай памылкі на баку рэкламнай сеткі Яндэкса ў сэрвісе schools.by часова з'явіўся банэр з рэкламай піва, што супярэчыць нашым стандартам і правілам фільтрацыі кантэнту. Мы неадкладна прынялі меры для ўхілення гэтай сітуацыі, правялі ўнутраную праверку і падалі зацікаўленым органам усю неабходную інфармацыю аб інцыдэнце, які здарыўся», — такое паведамленне з'явілася ва ўсіх электронных дзённіках, піша «Точка».
У той жа час, у schools.by далі зразумець, што ад рэкламы адмовіцца не могуць, бо гэта камерцыйны праект, і адной з крыніц даходу якраз з'яўляецца банэрная рэклама, размешчаная праз Яндэкс.
Пры гэтым сэрвіс, прызначаны ў тым ліку і для дзяцей, выкарыстоўвае розныя механізмы для прадухілення недапушчальнага кантэнту. Напрыклад, сямейныя фільтры, блакаванне асобных брэндаў і г. д.
Інцыдэнт з рэкламай піва стаў нагодай, каб яшчэ раз звярнуць увагу на ахоўныя механізмы. Сэрвіс абяцае, што будуць прыняты дадатковыя меры для прадухілення такіх неспадзяванак.
Раней МАРГ папярэдзіў ТАА «Адукацыйныя сістэмы»: калі яшчэ раз будзе зафіксаваны факт неналежнай рэкламы, адпаведныя матэрыялы накіруюць у Міністэрства інфармацыі. Яно мае паўнамоцтвы абмяжоўваць доступ да інтэрнэт-рэсурсаў.
У лістападзе 2022 года, платформа schools.by ужо была абвінавачаная ў размяшчэнні неналежнай рэкламы.