Амаль усе спарынг-партнёры Лукашэнкі заявілі, што сабралі 100 тысяч подпісаў
Такую інфармацыю агучыў кіраўнік ЦВК Ігар Карпенка, аднак ён спаслаўся толькі на словы прэтэндэнтаў.
04.12.2024 / 12:37
Аляксандр Хіжняк. Фота Tochka.by
Практычна ўсе спарынг-партнёры Лукашэнкі, дапушчаныя да выбарчай кампаніі, заявілі, што сабралі 100 тысяч подпісаў.
Такой інфармацыяй падзяліўся кіраўнік ЦВК Ігар Карпенка, піша «Спутник».
«Мы гэтую інфармацыю не збіраем, гэта чыста працоўныя моманты. Ведаем, што камісіі прымаюць подпісы. Практычна ўсе прэтэндэнты ў той ці іншай ступені сказалі, што ў той ці іншай ступені патрэбны бар'ер пераадолелі», — адзначыў Карпенка.
Публічна пра гэта заяўлялі ініцыятыўныя групы Лукашэнкі і Алега Гайдукевіча. Таксама подпісы збіраюць камуніст Сяргей Сыранкоў, прадстаўнік Партыі працы і справядлівасці Аляксандр Хіжняк і Ганна Канапацкая.
Збор подпісаў завершыцца 6 снежня.