Хлопец, якога абвінавачваюць у згвалтаванні і забойстве беларускі ў Варшаве, прызнаў віну часткова
На судовым пасяджэнні Дор’ян С. прызнаў віну ў згвалтаванні і заявіў, што забіваць дзяўчыну не хацеў, піша Белсат.
04.12.2024 / 15:02
Фота: Белсат
У акруговым судзе Варшавы пачаўся суд у справе аб згвалтаванні і забойстве беларускі Лізы ў цэнтры польскай сталіцы ў лютым 2024 года. На пасяджэнні пачаў прамаўляць абвінавачаны — 23-гадовы Дор'ян С.
Сталася вядома, што ён скончыў гімназію і болей нідзе не вучыўся. Ён не мае прафесіі, не працаваў, не меў прыбытку. Раней праходзіў лячэнне ад ужывання наркотыкаў.
Маладзён прызнаў віну ў згвалтаванні, але запэўніў, што забіваць дзяўчыну не хацеў. Ён расказаў суду, што мусіў заплаціць 1600 злотых за кватэру (у пераліку каля Br 1380), а грошай не было.
Дор'ян хацеў абрабаваць краму ці бар, пайшоў на злачынства з балаклаваю і нажом. У адным з бараў заўважыў украінцаў, думаў іх абакрасці, але ў выніку трапіў на Лізу.
Абвінавачаны таксама скарыстаўся правам адказваць толькі на пытанні абароны, з уласнай ініцыятывы расказваць што-кольвек адмовіўся.
Судовы працэс пачаўся ва ўмовах узмоцненых захадаў бяспекі. Паліцыя не выключае правакацыяў і спробаў нападу на абвінавачанага.
Злачынства ў цэнтры Варшавы адбылося ў ноч на 25 лютага. Паводле следства, Дор'ян С. згвалтаваў беларуску і намагаўся задушыць. Дзяўчыну шпіталізавалі ў крытычным стане, праз 6 дзён яна памерла.