Запісацца на візу хутчэй можна праз «радары». Пра што размова?
Як платныя тэлеграм-каналы дапамагаюць запісацца на візу.
11.12.2024 / 08:00
Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»
Нягледзячы на новаўвядзенні, якія прынялі, каб выкрасліць пасярэднікаў з працэсу рэгістрацыі на падачу ў візавыя цэнтры, запісацца на візу самастойна дагэтуль праблематычна.
Пасярэднікі нікуды не зніклі, а хутка адаптаваліся да новых правіл запісу. За свае паслугі яны бяруць па 350—650 рублёў.
Для тых, хто не гатовы выдаткоўваць немалыя грошы за рэгістрацыю, а запісацца пакуль не можа, існуюць адмысловыя тэлеграм-каналы, якія дапамагаюць злавіць дату.
Нейкага вызначанага часу, калі на сайце з'яўляюцца акенцы, няма. Таму чалавек можа па шмат разоў заходзіць на сайт візавага цэнтра ў розныя дні і часы, але вольных дат не ўбачыць і, адпаведна, не зможа запісацца.
Каналы, якія дапамагаюць вылавіць даты, называюць «радарамі». У іх публікуюць інфармацыю аб тым, што на сайце з'явіліся свабодныя даты на падачу на той ці іншы тып візы ў пэўным горадзе.
Фота: скрыншот з тэлеграм-канала ЧАТ VFS БЕЛАРУСЬ | VisaHouse Chat
Існуюць як бясплатныя радары, так і платныя. Карыстальнікі адзначаюць, што злавіць даты ў бясплатных каналах амаль не рэальна, бо інфармацыя там з'яўляецца са спазненнем, таму вольных акенцаў на момант публікацыі можа зусім не застацца.
У платных каналах такія абнаўленні даюць больш аператыўна.
Доступ да аднаго з папулярных прыватных каналаў-радараў каштуе 35 рублёў на два тыдні або 50 рублёў на месяц.
Фота: скрыншот з гугл-формы для рэгістрацыі ў «Приватный радар | VisaHouse»
Таксама ў такіх каналах аператыўна з'яўляецца інфармацыя пра дадатковыя слоты, якія з'яўляюцца, калі нехта адмовіўся ад рэгістрацыі або падчас рэгістрацыі нешта пайшло не так.
Ці стала прасцей запісацца на польскую візу пасля ўвядзення фотаверыфікацыі? Досвед чытачоў