У ЗША ўпершыню змаглі перахапіць балістычную ракету сярэдняй далёкасці
Агенцтва па супрацьракетнай абароне ЗША ўпершыню паспяхова перахапіла балістычную ракету сярэдняй далёкасці, запушчаную з паветра, падчас выпрабавання ля ўзбярэжжа Гуама, паведамілі Reuters у Пентагоне.
11.12.2024 / 08:52
Падчас тэсту, названага «Летная эксперыментальная місія-02», сістэма Aegis Guam, інтэграваная з новым радарам AN/TPY-6 і сістэмай вертыкальнага пуску, выпусціла ракету SM-3 Block IIA, якая паспяхова перахапіла балістычную ракету сярэдняй далёкасці, запушчаную з паветра, паблізу ўзбярэжжа авіябазы Андэрсан.
Гуам, які з'яўляецца тэрыторыяй ЗША ў заходняй частцы Ціхага акіяна, уяўляе сабой стратэгічны ваенны фарпост, размешчаны бліжэй да Кітая, чым да Гаваяў. Ён іграе ключавую ролю ў падтрыманні прысутнасці ЗША ў рэгіёне і стрымліванні патэнцыйных супернікаў, удакладняе Reuters.