Зяленскі казаў пра бяспеку, а Трамп — пра неадкладнае спыненне агню. Дэталі сустрэчы ў Парыжы

Трамп, Макрон і Зяленскі размаўлялі 35 хвілін без дарадцаў. Яны не абмяркоўвалі канкрэтных дэталяў бачання міру, але Трамп паўтарыў, што хоча неадкладнага спынення агню і перамоваў, каб хутка спыніць вайну. Агенцтва Reuters паразмаўляла з пяццю людзьмі, якія праінфармаваныя аб сустрэчы.

11.12.2024 / 11:44

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон, абраны прэзідэнт ЗША Дональд Трамп пасля сустрэчы ў Елісейскім палацы ў Парыжы, 7 снежня 2024 г. Фота: AP Photo / Michel Eule

Па словах адной з крыніц, Трамп паводзіў сябе добразычліва, паважліва і адкрыта і, здаецца, быў настроены слухаць.

У той жа час ні Трамп, ні набліжаныя да яго чыноўнікі, якія займаюцца пытаннямі Украіны, пакуль не даюць дакладнага адказу на тое, як менавіта яны бачаць заканчэнне вайны. Адсутнічае адказ і пра гарантыі бяспекі для Украіны як часткі ўрэгулявання.

Па словах крыніцы выдання ў офісе ўкраінскага прэзідэнта, на сустрэчы ў Парыжы падкрэслівалі, што мір патрабуе гарантый і што аднаго толькі спынення агню недастаткова, паколькі Пуцін можа парушыць яго зноў, як ён ужо рабіў гэта раней. 

Суразмоўцы Reuters заявілі, што Трамп пакуль «абдумвае ўсе дэталі».

Макрон і Зяленскі былі на адной хвалі на сустрэчы ў Парыжы, але былі асцярожныя, каб не выглядаць так, быццам яны заганяюць Трампа ў кут, расказаў адзін чыноўнік. 

Па словах украінскіх крыніц Reuters, Зяленскі лічыць, што на міжнароднай арэне Пуцін баіцца толькі Трампа і, магчыма, Кітая, і што любы працяглы мір запатрабуе ад Вашынгтона быць «па-сапраўднаму моцным».

Яшчэ адзін чыноўнік паведаміў, што Макрон і Зяленскі тлумачылі Трампу, што Пуцін у 2024 годзе — не той, што быў у 2017 годзе, калі Трамп меў з ім справу.

Nashaniva.com