Скончыла жыццё самагубствам Святлана Круцікава з Пінска, якую неаднаразова судзілі за «экстрэмізм»

Апошні суд адбыўся 6 лістапада 2024 года. 

11.12.2024 / 14:14

Скончыла жыццё самагубствам 60-гадовая Святлана Круцікава, піша Dissidentby.

Жанчына пражывала ў Пінскім раёне і некалькі разоў была асуджана па «экстрэмісцкіх» артыкулах да арышту. Так, апошні суд адбыўся 6 лістапада ў Пінску за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». 

Па меркаванні знаёмых жанчыны, яна не вытрымала вобшукаў, пазбаўлення волі, праверак і рэгулярнага псіхалагічнага ціску з боку міліцыі.

10 снежня Святлана кінулася пад цягнік.

Людзі кажуць, што іншых абставінаў для такога ўчынку ў жанчыны быць не магло — яна была вельмі актыўнай і жыццярадаснай.

У сацыяльных сетках Святланы пазначана, што ў 1987 годзе яна скончыла Пінскі педагагічны каледж. Да гэтага навучалася ў школе-інтэрнаце для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў.

Жанчына любіла кветкі і сабак, пры магчымасці вандравала і прымала гасцей у сябе дома. Разам з мужам яны часта наведвалі квізы ў Пінску, выгадавалі дачку і сына.

Таксама вядома, што ў паўсядзённым жыцці жанчына імкнулася размаўляць па-беларуску.

***

Калі вы ці вашы сваякі ў кепскім псіхалагічным стане, вы можаце звярнуцца ў службу экстранай псіхалагічнай дапамогі. Гэта ананімна і бясплатна.

Тэлефоны для дарослых — (8 017) 352-44-44, 304-43-70, для дзяцей і падлеткаў — (8 017) 263-03-03.

Nashaniva.com