У Ізабеліне аднаўляюць сінагогу, пабудаваную ў часы Вялікага Княства Літоўскага

Пасля больш як паўстагоддзя дэградацыі і занядбання помнік архітэктуры зноў набывае сваё гістарычнае аблічча. 

12.12.2024 / 08:00

Аднаўленне яруснага даху сінагогі. Фота з сацсетак

Пасля правядзення супрацьаварыйных работ, умацавання расколатых сцен скрэпамі, а таксама закладкі праёмаў, будынак у вёсцы Ізабелін Ваўкавыскага раёна накрываюць часовым дахам. Новы дах робяць ярусным, якім і быў дах сінагогі ў пачатку XX стагоддзя.

Ізабелінскі кагал, падпарадкаваны Мсібаўскаму, быў заснаваны ў 1777 годзе. Прыкладна тады ж, у другой палове XVIII стагоддзя, была ўзведзена мураваная сінагога.

Мантаж часовага яруснага даху на сінагозе. Фота з сацсетак

Супрацьаварыйныя работы на сінагозе. Фота з сацсетак

Супрацьаварыйныя работы на сінагозе. Фота з сацсетак

Станам на 1897 год у Ізабеліне пражывалі 454 яўрэяў, у 1921 годзе іх стала ўжо 1709. Сын ізабелінскага рабіна Якава Меіра Краўчынскага, рабін Зеэў Голд, быў адным з лідараў сіянісцкай арганізацыі «Мізрахі» ў ЗША, а ў маі 1948 года падпісаў Дэкларацыю незалежнасці дзяржавы Ізраіль.

Ізабелінская сінагога ў пачатку XX стагоддзя. Фота: Wikimedia Commons

У пачатку 1942 года нацысты стварылі ў Ізабеліне гета, якое ліквідавалі ўжо ў лістападзе, расстраляўшы 31 чалавека. Астатніх яўрэяў пагналі ў лагер у Ваўкавыску, а адтуль у лагер смерці Аўшвіц.

Пасля вайны будынак быў моцна перабудаваны. Сінагогу выкарыстоўвалі пад розныя сельскагаспадарчыя патрэбы, у тым ліку вяндлярны цэх і бар. У апошнія гады будынак стаяў пусты.

Ізабелінская сінагога да пачатку аднаўлення. Фота: fotobel.by

Ізабелінскую сінагогу ў сваю ўласнасць прыдбаў «Маёнтак Падароск», які аднаўляў сядзібу Бохвіцаў у недалёкім Падароску і фінансаваўся бізнэсоўцам і мецэнатам беларускага паходжання Паўлам Падкарытавым. Існавала ідэя аб стварэнні на базе сінагогі адукацыйнага цэнтра па захаванні культурнай спадчыны Ізабеліна.

Праблемы ў турыстычнага прадпрыемства «Падароск» з'явіліся ў 2022 годзе, калі супраць яго супрацоўнікаў пачалі крымінальны пераслед па абвінавачванні ў нясплаце падаткаў і страхавых унёскаў з заробкаў работнікаў амаль на 400 000 рублёў. 

Крымінальная справа ўрэшце была спынена, але сядзібу, якая з'яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю, у Падкарытава забралі ў дзяржаўную ўласнасць. Ізабелінская сінагога ж ахоўнага статусу не мела.

У капліцы пад Смаргонню панішчылі саркафагі і раскідалі чалавечыя парэшткі

З'явіліся сцены і брама — глядзіце, як змяніўся Навагрудскі замак

Рэстаўрацыі ў Беларусі засталося на тры дні. Галоўнаму прадпрыемству краіны фактычна падпісалі смяротны прысуд

У Будслаўскім касцёле раскрылі невядомыя раней роспісы

Як выглядае сусветна вядомая яўрэйская семінарыя ў Валожыне пасля рэстаўрацыі — шмат ФОТА

Nashaniva.com