П'яны беларус у адных трусах напаў на паліцэйскіх на Пхукеце і раскідаў іх ВІДЭА
Мужчына раскідваў паліцэйскіх і гасцінічную ахову па двары гатэля, а яго жонка і трое дзяцей спрабавалі яго супакоіць.
12.12.2024 / 09:08
П'яны беларус у адных трусах зладзіў дэбош у гасцініцы ў раёне Карон-Біч на тайландскім турыстычным востраве Пхукет і напаў на паліцэйскіх, якія прыбылі па выкліку. Дэбашыра затрымалі і даставілі ў паліцэйскі ўчастак, паведамляе Bangkok Post.
Паліцэйскія прыбылі ў адну з гасцініц раёна Карон-Біч у 03:10 у сераду (23:10 аўторка па мінскім часе). Іх выклікаў туды персанал гасцініцы з-за вельмі п'янага мужчыны, які парушаў грамадскі парадак.
Пазней высветлілася, што дэбашырам з'яўляецца 39-гадовы грамадзянін Беларусі.
Пасля прыезду паліцэйскіх ён не супакоіўся, а наадварот разышоўся яшчэ больш і зладзіў з імі бойку, а таксама з супрацоўнікамі гасцінічнай аховы.
«Коштам значных намаганняў з боку паліцыі мужчына быў затрыманы», — гаворыцца ў паведамленні.
Мужчыну (Сяргею А.) выставілі абвінавачванні за парушэнне грамадскага парадку і напад на супрацоўнікаў паліцыі.
Па заканадаўстве Тайланда, за напад яму можа пагражаць штраф у памеры да 5 тысяч даляраў і/або турэмнае зняволенне тэрмінам ад двух гадоў да пажыццёвага ў залежнасці ад цяжару траўмаў, якія атрымалі супрацоўнікамі паліцыі.
Беларус адпачываў на Пхукеце разам з жонкай і трыма непаўналетнімі дзецьмі. Яны павінны былі вылецець на радзіму ў сераду.
Сям'я затрыманага наведала яго ў паліцэйскім участку, а пазней у сераду вылецела дадому, як і было запланавана. Што тычыцца мужчыны, то ён застаўся ў камеры часовага ўтрымання ў паліцэйскім участку. У найбліжэйшы час ён паўстане перад судом.