У Расіі салістку вайсковага аркестра аштрафавалі на $30 тысяч за спробу даказаць калегам, што ва Украіне гінуць цывільныя
Юлія Падайніцына, у якой ёсць сваякі ва Украіне, спрабавала даказаць, што мірныя жыхары таксама гінуць. У адказ апаненты называлі яе «бандэраўкай», якая абараняе «фашыстаў».
12.12.2024 / 09:58
У выніку ўдару па Запарожжы 10 снежня загінулі больш за 10 мірных жыхароў
Борзінскі гарнізонны вайсковы суд у Забайкаллі аштрафаваў на 3 млн расійскіх рублёў (30 тысяч даляраў) Юлію Падайніцыну, прызнаўшы яе вінаватай паводле артыкула пра «фэйкі» пра войска. Пра гэта Медыязоне» паведамілі ў прэс-службе суда. Прысуд быў вынесены 9 снежня.
Крыніца распавяла, што Падайніцына служыла ў званні малодшага сяржанта ў дыслакаванай у Борзе частцы 06705. Яна была салісткай у аркестры, які ездзіў на пахаванне вайскоўцаў.
Выезды пахавальнага аркестра каардынаваліся з дапамогай унутранай праграмы, у якой удзельнікаў аркестра апавяшчалі аб накіраванні, неабходнай форме адзення і складзе ўдзельнікаў. У гэтай сістэме таксама была функцыя форуму. Абмяркоўваючы чарговы выезд, калегі пачалі спрачацца пра тое, ці ёсць сярод загінулых у выніку расейскіх абстрэлаў украінцаў цывільныя.
Падайніцына, у якой ёсць сваякі ва Украіне, спрабавала даказаць, што мірныя жыхары таксама гінуць. У адказ апаненты называлі яе «бандэраўкай», якая абараняе «фашыстаў». Спрабуючы даказаць сваю рацыю, жанчына скінула суразмоўцам відэа на ютубе, у якім гаварылася аб ахвярах сярод грамадзянскага насельніцтва.
Праз некалькі хвілін, усвядоміўшы, што за гэта ёй можа пагражаць крымінальная адказнасць або звальненне, жанчына выдаліла відэа, але адзін з таварышаў па службе аднёс свой тэлефон контрразведчыку пры вайсковай частцы і распавёў пра здарэнне.
Відэа было адноўлена. Па выніках даследчай праверкі выкладзеную ў ім інфармацыю прызналі «фэйкавай».
На час следства жанчына знаходзілася пад падпіскай аб нявыездзе. У ходзе пасяджэнняў яна часткова прызнала віну.