«Ёй было вельмі дрэнна апошнім часам». Знаёмыя пра Святлану Круцікаву, якая скончыла жыццё самагубствам пасля ціску міліцыі

60-гадовая Святлана Круцікава з Пінска скончыла жыццё самагубствам, не вытрымаўшы затрыманняў. Усе яны былі палітычна матываванымі: Святлану неаднаразова судзілі за распаўсюд так званых экстрэмісцкіх матэрыялаў.

12.12.2024 / 12:14

Святлана Круцікава. Фота: сацыяльныя сеткі.

Апошні суд над жанчынай прайшоў амаль за месяц да трагедыі: 6 лістапада 2024 года Святлану асудзілі за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў».

Знаёмыя сям'і пацвердзілі «Нашай Ніве» трагічную гібель Святланы. Па іх словах, праз цікаўнасць да яе міліцыі і пагрозы крымінальнай справай жанчына стала вельмі падазронай, у яе пачалася параноя.

«Ёй было вельмі цяжка апошнім часам, але яна трымалася, як магла».

Блізкія да сям'і крыніцы таксама распавялі, што Святлана спрабавала праходзіць псіхалагічнае лячэнне, каб выйсці са складанага стану.

«Яна старалася быць вельмі актыўнай і пазітыўнай, наведвала гарадскія мерапрыемствы, але ў выніку не вытрымала».

Ніхто з сяброў Святланы не чакаў, што яна вырашыцца на гэты крок.

У сацыяльных сетках Святланы пазначана, што ў 1987 годзе яна скончыла Пінскі педагагічны каледж. Да гэтага навучалася ў школе-інтэрнаце для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў.

Па інфармацыі «Белпола», у свой час Круцікава працавала галоўным тэхнолагам на заводзе вінаў, а таксама ў фірме «ABC». Цяпер была пенсіянеркай.

Жанчына любіла кветкі і жывёл, па магчымасці вандравала, цікавілася хатнім хлебам на заквасцы. Разам з мужам яны выгадавалі дачку і сына. Вядома, што ў паўсядзённым жыцці Святлана імкнулася размаўляць па-беларуску.

«Наша Ніва» выказвае спачуванні блізкім Святланы Круцікавай.

***

Калі вы ці вашы сваякі ў кепскім псіхалагічным стане, вы можаце звярнуцца ў службу экстраннай псіхалагічнай дапамогі. Гэта ананімна і бясплатна.

Тэлефоны для дарослых — (8 017) 352-44-44, 304-43-70, для дзяцей і падлеткаў — (8 017) 263-03-03.

Пабачыўшы вайну, не ведаў, як жыць далей. Маналог беларускі, якая перажыла суіцыд мужа

Як дапамагчы тым, у каго пайшоў блізкі?

Паліцыя Маямі афіцыйна адказала, што здарылася з экс-хакеістам Канстанцінам Кальцовым

Nashaniva.com