Офіс Ціханоўскай стварыў ананімную форму для фіксацыі парушэнняў на выбарах
Каманда Офіса Святланы Ціханоўскай стварыла ананімную форму для перадачы інфармацыі. Праз яе можна бяспечна падзяліцца ўсім, што можна палічыць вартым, паведамляецца ў тэлеграм-канале ОСЦ.
12.12.2024 / 12:01
Ілюстрацыйнае фота
«26 студзеня ў Беларусі пройдуць #бязвыбары2025 — чарговая спроба рэжыму Лукашэнкі ўтрымаць уладу, ігнаруючы волю беларускага народа. На фоне гэтага сітуацыя ў краіне толькі пагаршаецца: колькасць арыштаў, затрыманняў і пераследаў імкліва расце. Гэта даказвае: прэзідэнцкія «выбары» не пра дэмакратыю, а пра яе інсцэніроўку, якая мае мэтай стварыць ілюзію легітымнасці і працягнуць рэпрэсіі супраць тых, хто змагаецца за незалежнасць і свабоду», — зазнаецца Офіс.
Штаб Ціханоўскай перакананы, што варта сабраць усе факты пра злачынствы рэжыму, каб у будучыні вінаватыя панеслі адказнасць, а таксама падкрэслівае, што дасланая інфармацыя застаецца ананімнай і надзейна абароненай: там не запытваецца асабістых звестак, а сувязь шыфруецца пратаколамі SSL/TLS.
«Фіксуйце, каб не забыць, і дзяліцеся, каб не маўчаць. Беларусы вартыя лепшай будучыні. Разам мы зможам пераадолець любыя перашкоды і зрабіць краіну свабоднай і справядлівай», —заклікае ОСЦ.