Беларуска прывезла з Польшчы 5 тысяч даляраў. Амаль усе аказаліся фальшывымі

Мянчук спрабаваў памяняць у банку чатыры купюры па 100 даляраў. Касірка палічыла іх падазронымі і выклікала міліцыю.

12.12.2024 / 12:12

«Мужчына распавёў, што грошы ў суме 5 тысяч даляраў у якасці падарунка атрымала ягоная жонка ад бабулі, калі гасціла ў яе ў Польшчы. Пра тое, што купюры могуць быць падробленымі, яны не здагадваліся», — паведамляе прэс-служба Дзяржкамітэта судэкспертыз.

Каб праверыць астатнія 46 купюр, мужчына перадаў іх у Дзяржкамітэт судэкспертыз. Эксперт параўнаў іх з купюрамі таго ж наміналу і года выпуску і знайшоў адрозненні ў колераперадачы малюнкаў і друку тэксту, сярод падораных былі купюры без элементаў абароны, у тым ліку вадзянога знака.

У Дзяржкамітэце судэкспертыз прыйшлі да высновы, што 39 з 50 банкнот несапраўдныя.

Заведзена крымінальная справа.

Nashaniva.com