Пад Гомелем пачалі будаўніцтва вайсковага гарадка
Будаўнічыя работы па ўзвядзенні гарадка пачаліся ў Гомельскім раёне. Гэта вынікае з размешчанай дзяржзакупкі, якую заўважыў Флагшток.
12.12.2024 / 13:15
Згодна з тэндарам, абвешчаным Гомельскім домабудаўнічым камбінатам па пошуку падрадчыка, у лістападзе павінны былі пачацца работы па будаўніцтве на тэрыторыі будучага вайсковага гарадка сталовай на 680 пасадачных месцаў.
Гэтыя работы плануюць завяршыць да 31 сакавіка 2026 года, на іх будзе выдзелена з уласных сродкаў прадпрыемства 13,2 млн рублёў (каля 3,7 млн даляраў па цяперашнім курсе).
Згодна з іншымі тэндарамі, яшчэ адны працы стартуюць у найбліжэйшыя дні — з 16 снежня павінна пачацца будаўніцтва вайсковай лазні на 50 душавых сетак (на гэта сыдзе 3,6 млн рублёў або блізу 1 млн даляраў). А таксама — падстанцыі 110/10кВ з заходамі паветранай лініі электраперадач 110 кВ. падстанцыя абыйдзецца ў 12,5 млн рублёў (3,5 млн даляраў).
Названыя работы павінны скончыцца хутчэй — да 30 жніўня і да 24 кастрычніка 2025 года адпаведна.
Вайсковы гарадок будзе размешчаны ў Гомельскім раёне паблізу ўрочышча Прыбор на скрыжаванні аўтамагістраляў М-8 і М-10.