Туск: Польшча не плануе адпраўляць сваіх вайскоўцаў ва Украіну
Прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск 12 снежня сустрэўся ў Варшаве з прэзідэнтам Францыі Эмануэлем Макронам, які, як мяркуецца, прыляцеў у польскую сталіцу з мэтай абмеркавання будучай міратворчай місіі краін Захаду ва Украіне пасля спынення там агню. Падчас прэс-канферэнцыі палітыкі выказаліся на гэтую тэму.
12.12.2024 / 20:11
Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон і прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск падчас сустрэчы ў Варшаве. Фота: AP Photo/Czarek Sokolowski
Пасля сустрэчы з французскім прэзідэнтам Дональд Туск падкрэсліў, што Польшча пакуль не плануе адпраўляць сваіх вайскоўцаў ва Украіну:
«Я хачу спыніць спекуляцыі на тэму прысутнасці войскаў адной ці другой краіны на тэрыторыі Украіны пасля заключэння магчымага перамір’я. Рашэнні, датычныя Польшчы, будуць прымацца выключна ў Варшаве. Пакуль мы падобных дзеянняў не плануем».
Туск таксама падкрэсліў, што сярод краін Еўрасаюза на Польшчы ляжыць найбольшы цяжар, звязаны з вайной ва Украіне. Акрамя таго, польскія вайскоўцы ўдзельнічаюць у ахове межаў з Беларуссю і Расіяй.
Эмануэль Макрон, у сваю чаргу, падкрэсліў неабходнасць супрацоўніцтва па справе Украіны з новаабраным прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам:
«Адміністрацыя Трампа выказала гатоўнасць змяніць ход гэтага канфлікту. Таму мы павінны цесна супрацоўнічаць з амерыканцамі і, вядома, з Украінай, каб знайсці магчымы шлях, які б улічваў інтарэсы Украіны, яе суверэнітэт, а таксама інтарэсы еўрапейцаў і іх бяспекі».
Пра сітуацыю ва Украіне Эмануэль Макрон размаўляў таксама з прэзідэнтам Польшчы Анджэем Дудам.
Макрон збіраецца ў Польшчу для абмеркавання планаў міратворчай місіі ва Украіне
Зяленскі казаў пра бяспеку, а Трамп — пра неадкладнае спыненне агню. Дэталі сустрэчы ў Парыжы
Зяленскі: Мы з Трампам гаварылі пра замарозку вайны
Трамп ацаніў страты Расіі ў 600 тысяч забітых і параненых і заклікаў Пуціна «спыніць вар’яцтва»
«Мір дзякуючы сіле магчымы!» Зяленскі ў Парыжы сустрэўся з Трампам і Макронам