Кіраўнік праваслаўнага канала прагназуе вайну Расіі з Турцыяй за вызваленне Канстанцінопаля
Генеральны дырэктар расійскага праваслаўнага тэлеканала «Спас» Барыс Карчэўнікаў блізка да сэрца прыняў нядаўняе звяржэнне рэжыму Башара Асада ў Сірыі. Але духам не падае, і нават бачыць у гэтым крыніцу натхнення.
12.12.2024 / 22:19
Барыс Карчэўнікаў падчас паездкі на акупаваныя Расіяй украінскія тэрыторыі. Фота з ягонага тэлеграм-канала
Барыс Карчэўнікаў успамінае, як недзе ў 2016 годзе наведаў расійскую авіябазу ў сірыйскім Хмейміме і быў натхнёны тым, што там пабачыў:
«Гэта была зусім не тая вайна, якую я бачыў да таго ў Чачні і тым больш не тая, што мы ўбачым пасля ў Наваросіі. Гэта быў нейкі ідэальны парадак, пачуццё сілы, перавагі і ваеннага поспеху. […] Я быў перапоўнены захапленнем і гонарам за нашых».
Цяпер жа, паводле яго,
«вуліцы квітнеючай калісьці і святой краіны Блізкага Усходу зноў патанаюць у крыві нявінных ахвяр, жорсткіх расправах, апаганеннях хрысціянскіх святынь, забойствах святых і ў выпушчаных з турмаў крымінальніках і радыкалах».
Пры гэтым, як у любога расійскага прапагандыста, у Карчэўнікава
«няма сумневаў у тым, што адна з галоўных прычын падзення Сірыі — гэта помста Расіі за наш поспех і будучую, ужо ўсімі ўсвядомленую, перамогу ў Маларосіі».
Але імперскія апетыты ягоныя пашыраюцца куды далей — на тыя тэрыторыі, пра якія бясплённа марылі яшчэ расійскія імператары і дзеля якіх у свой час ублыталіся ў Першую сусветную вайну, якая ўрэшце Расійскую Імперыю і загубіла.
Барыс Карчэўнікаў успамінае пра тое, як турэцкі самалёт F-16 у 2015 годзе збіў расійскі ў небе над Сірыяй, і канстатуе, што «інцыдэнт з самалётам тады неяк вычарпалі, але ворагам Турцыя быць не перастала».
«Дык вось, скажу дзіўнае, можа, але пра гэта казалі многія прароцтвы святых: тое, што пачалося пару дзён таму ў Алепа, скончыцца не ў Дамаску і наогул не ў Сірыі. А ў Стамбуле. Які перастане быць Стамбулам», — публічна заяўляе праваслаўны прапагандыст.
«Я разумею, як гэта можа гучаць цяпер для многіх, але не бянтэжуся, таму што веру тым святым, напрыклад, старцу Паісію Святагорцу, і іншым, хто прадракаў апошнюю вялікую вайну Расіі і Турцыі і вызваленне Канстанцінопаля.
Я не ведаю, як гэта будзе і ці ўбачым мы здзяйсненне гэтых прароцтваў пры жыцці, а самае галоўнае, ці будзем мы іх вартыя […].
Але ў цяперашніх сірыйскіх падзеях абяцанае святымі праглядае ўжо нават не толькі праз прароцтва, але нават і па законах логікі», — упэўнены ён.
Хто такія садыкі? Расійскія вайскоўцы ў Сірыі нарадзілі адмысловы слэнг
Прызначаны Асадам пасол Сірыі ў Расіі назваў ягоныя ўцёкі «ганебнымі і зневажальнымі»