«Тэмпература — 40, таблеткі не дапамагалі». Беларуска з інваліднасцю цяжка перахварэла на ангіну і цяпер шукае грошы на лячэнне ў Польшчы
Вольга Майхроўская перасоўваецца ў інвалідным вазку. Нядаўна яна цяжка перахварэла на гнойную ангіну — жанчына вельмі страціла ў вазе, да таго ж з-за працяглага пасцельнай рэжыму ў яе ўтварыліся пролежні. Цяпер беларуска жыве ў Польшчы і самастойна аплаціць лячэнне не можа, таму шукае грошы, піша Most.
13.12.2024 / 10:49
У снежні 2015 года Вольга трапіла ў аўтакатастрофу. Тады з 11-гадовым сынам яна прыехала на некалькі дзён у Польшчу, дзе на Каляды збіралася пабачыцца з сябрамі. На сустрэчу з імі жанчыну з сынам падвозілі на машыне. На трасе кіроўца заснуў за рулём — аўтамабіль перакуліўся. Сын Вольгі меў толькі драпіну на галаве, а вось яна апынулася ў бальніцы з пераломам хрыбетніка.
Вольга перанесла чатыры аперацыі. Першая прайшла ў Польшчы, яшчэ тры — у Беларусі. Першы час пасля траўмы жанчына не магла нават самастойна сядзець у ложку. Ёй давялося вучыцца гэтаму нанова пры дапамозе адмысловых гарсэтаў. Яшчэ складаней было аднавіцца псіхалагічна. Вольга прызнаецца: жыць не хацелася.
— Я ў доўгай дэпрэсіі была. Не хацелася на людзях вельмі доўга з'яўляцца. Я аднаўляла псіхіку каля чатырох гадоў, — успамінае яна.
Прыехала ў Варшаву на лячэнне і стала барыста
У лютым 2024 года жанчына паехала на лячэнне ў Польшчу. Тады яна пазнаёмілася з супрацоўнікамі кавярні Inclusive Barista. Яе саўладальнік сам перасоўваецца на інвалідным вазку і ў супрацоўнікі бярэ людзей з інваліднасцю.
Вярнуўшыся ў Беларусь, Вольга атрымала прапанову папрацаваць у кавярні. Жанчына пагадзілася і пераехала ў Варшаву, дзе ўжо жыў яе сын. Прайшоўшы стажыроўку ў кавярні, Вольга стала барыста.
Новая праца ёй падабалася: ва ўстанове дружны калектыў і прыемная атмасфера. А сярод наведвальнікаў установы шмат беларусаў.
«Ніколі настолькі цяжка не хварэла»
Але ў кастрычніку Вольгу напаткала новая бяда — гнойная ангіна.
— Я ніколі настолькі цяжка не хварэла. Тэмпература — 40, пры якой ты проста трасешся ўся, і таблеткі не дапамагаюць, — успамінае яна.
З-за хваробы Вольга надоўга апынулася ў ложку. Да таго часу ў яе ўжо быў невялікі пролежань — гэта распаўсюджаная праблема вазочнікаў. Але падчас хваробы сітуацыя пагоршылася, пролежні сталі пагрозлівымі — раны амаль да косткі. Каб яны не прагрэсавалі, Вольгу трэба было пераварочваць. Першы час з гэтым дапамагаў сын, пазней знайшлі сядзелку.
Да таго ж жанчына не магла глынаць, пачалася рэзкая страта вагі і анемія, сталі выпадаць валасы.
Трэба набраць 15-20 кілаграмаў
Цяпер Вользе неабходна прайсці курс лячэння па папаўненні бялку.
— Я сама ўжо не змагу 15-20 кілаграмаў вагі набраць. Мне на гэта, напэўна, год спатрэбіцца. Калі не год, то паўгода дакладна. А ёсць клініка, якая мне дапаможа зрабіць гэта за тры месяцы, — кажа яна.
Пасля гэтага жанчыне трэба будзе зрабіць аперацыю, якая ліквідуе пролежні.
Працаваць цяпер Вольга не можа. У сябе ў Instagram яна назвала сябе «часова не барыста па стане здароўя». Аплаціць лячэнне самастойна жанчына не можа, таму звярнулася па дапамогу.