Некаторыя беларускія банкі значна павысілі стаўкі па валютных укладах
Апошнім часам беларускія банкі рабілі ўсё, каб людзі не трымалі ў іх даляры. Але сітуацыя пачынае змяняцца.
13.12.2024 / 16:20
Валютныя ўклады зноў займелі сэнс
На пачатку года максімальная працэнтная стаўка па ўкладах у далярах ЗША складала 1,3% гадавых пры ўмове, што гэта будзе безадзыўны ўклад тэрмінам ад 24 месяцаў.
Большасць банкаў наогул прапаноўвалі 0,01% за ўклады ў валюце.
Пад канец 2024 года сітуацыя пачала змяняцца. Пасля таго, як Альфа-Банк падняў стаўкі па дэпазітах у далярах, рэкорднай стала стаўка ў 2,5%. Яна дасяжная ў выпадку афармлення безадзыўных дэпазітаў тэрмінам ад 15 месяцаў.
Фота: скрыншот з сайта alfabank.by
Самымі выгаднымі з'яўляюцца ўклады на 25 месяцаў, бо працэнты па іх не абкладаюцца падаткам.
Па безадзыўных укладах тэрмінам на 5 месяцаў Альфа-Банк прапануе стаўку ў 2,2%.
На другім месцы пасля Альфа-Банка ідзе банк БелВЭБ. Але там выгадныя стаўкі пачынаюцца толькі з 13-месячных укладаў. Стаўка па іх складае 2%. Такія самыя стаўкі і па ўкладах на 24 месяцы.
Фота: скрыншот з сайта belveb.by
А вось безадзыўныя ўклады ад БелВЭБ у далярах тэрмінам на 7 месяцаў маюць толькі 0,4% гадавых.
Да рэкордаў 2022 года ўсё адно далёка
Нагадаем, што пікавыя стаўкі па валютных укладах у Беларусі назіраліся летам 2022 года. Тады ў далярах ЗША можна было адкрыць безадзыўны дэпазіт з фіксаванай стаўкай да 6% гадавых.
Прычынай было тое, што з пачаткам вайны людзі пачалі масава здымаць грошы з укладаў, таму банкі былі зацікаўленыя ў тым, каб іх прыцягнуць.
З часам такая патрэба знікла і працэнты па валютных укладах настолькі знізіліся, што знаходзіліся ў межах хібнасці.
Калі падае беларускі рубель, то людзі і кампаніі актыўней бяруць у рублях крэдыты. Стаўкі ідуць уверх следам за попытам, а таксама самі банкі могуць стрымліваць попыт, які не могуць задаволіць, павышэннем стаўкі.
Тыя, каму грошы патрэбныя для вядзення дзейнасці, сутыкаюцца з тым, што крэдыты ў рублях становяцца вельмі дарагімі і ламаюць фінансавыя мадэлі. Такія гульцы рынку пачынаюць замяшчаць дарагія беларускія рублі адносна таннай валютай. Што, у сваю чаргу, павышае попыт і на валютныя крэдыты, стаўкі па іх растуць следам за попытам.
У гэты момант у маленькіх банках здараецца крызіс ліквіднасці — ім не хапае ніякай валюты. Маленькія банкі ідуць у большыя пазычаць валюту, а тыя аказваюцца не гатовымі да наплыву заёмшчыкаў. Гэта менавіта тое, што цяпер адбываецца з Альфа-Банкам, а хутка адбудзецца з усімі. Хаця на бягучых валютных рахунках арганізацый і ёсць даляры, для банка гэта ненадзейная крыніца валюты — грошы ў любы момант могуць сысці. Таму Альфа-Банк павысіў стаўку па валютных дэпазітах, каб тэрмінова прыцягнуць валюту з кішэняў грамадзян.