ФІФА «аддала» Крым Расіі падчас лёсавання кваліфікацыі ЧС-2026

На адной з карт паўвостраў быў намаляваны па-за межамі Украіны.

13.12.2024 / 15:52

Перад лёсаваннем еўрапейскай кваліфікацыі чэмпіянату свету-2026 ФІФА паказала карту, якая можа выклікаць міжнародны скандал.

Тлумачачы правілы лёсавання, згодна з якімі зборныя Беларусі і Украіны не могуць гуляць паміж сабой праз палітычную сітуацыю, арганізатары паказалі карту, на якой Крым быў не ў складзе Украіны.

Тэрыторыю Украіны зафарбавалі цёмным колерам, тады як анексаваны Расіяй паўвостраў застаўся светлым, гэта значыць за межамі Украіны.

ФІФА і УЕФА разводзяць зборныя Беларусі і Украіны пры лёсаванні пасля пачатку поўнамаштабнай вайны. Зборная Расіі наогул адхіленая ад усіх міжнародных турніраў.

Зборная Беларусі ў кваліфікацыі згуляе ў адной групе з прайграўшым у 1/4 Лігі Нацый Партугалія/Данія, а таксама з Грэцыяй і Шатландыяй.

Nashaniva.com