Беларуска кажа, што ў Польшчы яе збіў былы добраахвотнік і сябар КР Аляксандр Камісараў. Той адмаўляе

Валанцёрка Карына Пацёмкіна напісала ў сацсетках, што здымала пакой у адной кватэры з былым дабраахвотнікам і дэлегатам Каардынацыйнай рады Аляксандрам Камісаравым – і той яе брутальна збіў проста ў гэтай кватэры. Камісараў абвінавачанні абвяргае, але каментаваць здарэнне пакуль не гатовы.

14.12.2024 / 09:00

Карына Пацёмкіна і Аляксандр Камісараў. Фота: Facebook Карыны Пацёмкінай, Радыё Свабода

Карына Пацёмкіна — беларуска, якая з'ехала ад рэпрэсій ва Украіну, апынулася ў 2022-м у Бучы і валанцёрыла там, а ўрэшце перабралася ў Польшчу.

На сваё старонцы ў фэйсбуку яна расказала гісторыю гвалту, з якім сутыкнулася. Падпісчыкам Карына патлумачыла, што яе збіў Аляксандр Камісараў — былы добраахвотнік, які цяпер з'ўляецца сябрам Каардынацыйнай рады

«Наша Ніва» распытала ў ёй падрабязней, што адбылося:

«Так сталася, што з Аляксандрам Камісаравым мы жылі ў адной кватэры ў розных пакоях.

З месяц таму, я сказала што буду шукаць сабе асобнае жыллё. Пасля я паранілася і трапіла на чатыры дні на аперацыю ў шпіталь. Калі прыехала ў гэтую кватэру, вярнуўся дадому Камісараў — ён недзе піў суткі. І хацеў змяніць мне павязку.

Я адмовілася, бо ён п’яны. Мы сталі сварыцца. Ён пачаў урывацца ў пакой, дзе я была, зламаў ручку ў дзвярах і стаў мяне цягаць за шкірку. Я патэлефанавала сваёй сяброўцы, бо не ведала каму больш, а сілавікоў я дагэтуль панічна баюся. 

Мая сяброўка чула частку, з таго што адбывалася — што ён быў п’яны, што пагражаў зарэзаць любога, хто прыйдзе ў кватэру, каб дапамагчы мне. Затым ён мяне біў па галаве і казаў толькі адну фразу: «Пашчу сваю закрыеш?».

Неяк з горам папалам я выпрасіла, каб ён выйшаў з пакоя, а я магла сабраць рэчы. Але зразумела, што праз чатыры дні пасля аперацыі не змагу нічога сама сабраць. Потым прыслухалася, што Камісараў заснуў, але ўсё роўна пабаялася каму-небудзь патэлефанаваць. Напісала пост у фэйсбук, і адразу адгукнуўся знаёмы, сказаў, што прыедзе і пачакае, калі я выйду з кватэры.

У той вечар я паехала да сяброў. На заўтра з імі ж вярнулася і забрала рэчы, а яшчэ праз дзень забрала ката. Ключы ад кватэры я засунула пад дзверы.

Карына Пацёмкіна. Фота з яе старонкі ў фэйсбуку

Наколькі мне вядома, Камісараў расказвае, быццам пальцам мяне не чапаў. І тым больш ні ў якіх структурах не хочуць падымаць пытанне аб гэтым, бо лічаць, што гэта бытавуха і што няма доказаў. Але я падала заяву ў паліцыю.

Жахлівей за ўсё, што мне зараз прыходзіцца даказваць, што я гэта не прыдумала ці здурэла і ад нейкай асабістай крыўды вырашыла абгаварыць чалавека. Бо няма выкліку ў паліцыю, значыць, маўляў, нічога не было. Трэба было выклікаць, каб ён мяне зарэзаў за гэта нажом, о тады б была справа, праўда што! Труп і Сашка Камісараў. І пакуль яго браткі будуць пакрываць яго і яго ўчынкі, яно некалі так адбудзецца. Я прапаную заплюшчыць вочы і пачакаць, каб потым пляснуць у далоні і сказаць: «Які жах, не ведаем, як так адбылося».

Усе ведаюць, што ён такі. Калі я патэлефанавала адной са сваіх знаёмых, якая ведае і Аляксандра, то яна адразу сказала, што ведала, які ён чалавек і верыць кожнаму майму слову. Бо ведае іншыя гісторыі, калі Сашка Камісараў біў былую жонку. Але я, дзякуй Богу, не яго жонка і не збіраюся мірыцца з гэтым».

Аляксандр Камісараў. Фота з сайта Каардынацыйнай рады

Аляксандр Камісараў расказаў «Нашай Ніве», што не хоча публічна каментаваць гэтую справу. З абвінавачаннямі ён нязгодны і адзначыў, што гатовы даць паказанні ў паліцыі, калі гэта спатрэбіцца.

«Жадаю спадарыні Карыне поспехаў. А людзям, якія яе атачаюць, сілаў ды цярпення», — падсумаваў Аляксандр.

Аляксандр Камісараў нарадзіўся ў 1989 годзе ў Барысаве. Працаваў на прадпрыемствах у родным горадзе і ў Жодзіна. У 2020—2021 быў шэсць раз затрыманы па артыкуле 23.34, адседзеў 66 сутак арышту. У 2021 з'ехаў з Беларусі. З лютага па лістапад 2023 года быў у складзе Палка Каліноўскага. Цяпер жыве ў Польшчы. Дэлегат Каардынацыйнай рады ад блоку «Незалежныя беларусы».

Канфлікт паміж двума беларускімі апазіцыянерамі, Сергіевічам і Камісаравым, можа дайсці ў Польшчы да крыміналкі

Апублікавалі спісы кандыдатаў у новы склад Каардынацыйнай рады

Чалавека, што пабіў беларуску ў цэнтры Варшавы, затрымалі

Nashaniva.com