Польшча падчас старшынства ў ЕС будзе дамагацца ўзмацнення санкцый адносна Беларусі і Расіі

Польшча падчас свайго старшынства ў Еўрасаюзе ў першай палове 2025 года будзе трымацца паслядоўнай палітыкі ў дачыненні да Беларусі і Расіі, у тым ліку дамагацца ўзмацнення санкцый і супрацьдзейнічаць іх абыходу. Пра гэта заявіў міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі, прадстаўляючы прыярытэты польскага старшынства ў сферы знешняй палітыкі.

13.12.2024 / 19:35

Міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі. Фота: Maxym Marusenko / NurPhoto via Getty Images

«Дэвізам нашага старшынства з'яўляецца бяспека Еўропы. З гэтай прычыны праца старшынства будзе засяроджаная на максімальнай падтрымцы Украіны, захаванні бягучай палітыкі ў дачыненні да Расіі і Беларусі, а таксама ўмацаванні бяспекі і ўстойлівасці Еўрасаюза», — заявіў ён.

«Мэтай старшынства стане ўзмацненне санкцый Еўрасаюза супраць агрэсараў Расіі і Беларусі і барацьба з іх абыходам», — дадаў міністр.

Сікорскі анансаваў правядзенне 25 лютага канферэнцыі, прысвечанай санкцыйнай палітыцы.

«Польскае старшынства будзе імкнуцца да таго, каб Расія сутыкнулася з наступствамі сваёй агрэсіі, як юрыдычнымі, так і фінансавымі. Будзем імкнуцца заручыцца падтрымкай дзяржаў-членаў для поўнага выкарыстання замарожаных актываў цэнтральнага банка Расіі для падтрымкі Украіны», — сказаў ён.

Паводле слоў польскага міністра, Польшча таксама будзе дамагацца, каб Еўрасаюз не вяртаўся да супрацоўніцтва з РФ і Беларуссю да заканчэння агрэсіі.

Кіраўнік МЗС Польшчы: Я зачыню ўсе расійскія консульствы, калі Масква працягне дыверсіі

МЗС Польшчы хоча змяніць крытэрыі выдачы картаў паляка

«Мы не зробім ні кроку назад». У Познані закрываюць генеральнае консульства Расіі

Дуда і Туск у Сейме паспрачаліся пра беларусаў: прэзідэнт абвінаваціў прэм'ера ў тым, што ён хоча пазбавіць іх права на прытулак

Nashaniva.com