Стала вядома, ці пакаралі правадніцу, якая нібыта выкінула з вагона на мароз ката Твікса
Выданне «КП-Екацярынбург» паведаміла, што справу закрылі яшчэ ў кастрычніку.
14.12.2024 / 20:07
Фота: Вольга Кудрашова / vk.com
У студзені 2024 года СМІ і сацсеткі ашаламіла гісторыя ката Твікса, які разам са сваяком свайго гаспадара вандраваў у цягніку. Кот нейкім чынам выбраўся з пераноскі і пайшоў гуляць па вагоне, а пасля, як раней заяўлялася, быў высаджаны правадніцай на адной са станцый у 30-градусны мароз.
Цэлы тыдзень 5 тысяч валанцёраў шукалі Твікса і знайшлі мёртвым за кіламетр ад станцыі. На правадніцу пасля таго завялі крымінальную справу за жорсткае абыходжанне з жывёламі.
Але ў ходзе расследавання высветлілася, што правадніца цягніка, заўважыўшы Твікса, паднесла яго да ўсіх пасажыраў, у тым ліку і да мужчыны, які вёз ката. Але ніхто гадаванца за свайго не прызнаў, што пацвярджаецца відэазапісамі з вагона. Пасля таго Твікса аднеслі ў тамбур, а падчас прыпынку ў Кіраве адзін з пасажыраў высадзіў ката на перон, палічыўшы, што ён мясцовы і заскочыў у тамбур на прыпынку.
Мужчыну, які выкінуў жывёліну, устанавілі і апыталі, але не змаглі прыцягнуць да адказнасці, бо ў ягоных дзеяннях не было складу злачынства.
Пазней інфармацыю пра спыненне справы пацвердзіў адвакат правадніцы. Паведамляецца, што жанчына перажыла сапраўднае цкаванне і паўгода аднаўляла здароўе. Гаспадар загінулага ката ад каментароў адмовіўся.
Пасля выпадку з Твіксам на Расійскай чыгунцы прынялі рашэнне забараніць праваднікам высаджваць жывёл з вагонаў. Калі знайсці гаспадара не атрымаецца, то гадаванцаў будуць перадаваць супрацоўнікам на прыпынках, а тыя — звязвацца з зоаабаронцамі.
Расійская чыгунка пасля гібелі ката Твікса зменіць правілы перавозкі хатніх жывёлаў