МЗС Беларусі заявіла, што хоча ўдзельнічаць у мірных перамовах па Украіне і атрымаць гарантыі бяспекі
Інтарэсы Мінска павінны быць улічаны, лічыць намеснік міністра замежных спраў рэспублікі Юрый Амбразевіч. Ён кажа, што «беларускі бок з самага пачатку рабіў міратворчыя крокі па прадухіленні эскалацыі на Украіне».
16.12.2024 / 10:56
Юрый Амбразевіч, 5 снежня 2024 года. Фота AP Photo Miguela Xuereb
Беларусь прэтэндуе на ўдзел у мірных перамовах па Украіне, інтарэсы Мінска павінны быць улічаныя. Аб гэтым заявіў намеснік міністра замежных спраў Беларусі Юрый Амбразевіч.
«Беларускі бок з самага пачатку рабіў міратворчыя крокі па прадухіленні эскалацыі ва Украіне. Таму мы з самага пачатку заяўлялі, што прэтэндуем на месца за сталом мірных перамоў па Украіне, калі яны пачнуцца. Для нас важна атрымаць гарантыі нашай уласнай бяспекі. Фінальныя дамоўленасці павінны абавязкова ўлічваць у тым ліку і інтарэсы беларускага боку», — сказаў ён на пасяджэнні Кансультатыўнай рады па справах беларусаў замежжа пры МЗС рэспублікі.
Юрый Амбразевіч заявіў, што Беларусь «як ніхто іншы» зацікаўлена ў мірным урэгуляванні канфлікту ва Украіне, бо сітуацыя на яе паўднёвых межах вельмі складаная.
«І на гэтым фоне абсурдна выглядаюць абвінавачанні нашай краіны ў дапамозе агрэсіі. Размяшчаючыся па суседстве з Украінай, Беларусь як ніхто іншы зацікаўлена ў найбольш хуткім мірным урэгуляванні гэтага канфлікту, — сказаў ён. — Цалкам разумна, што ні адна краіна не хоча, каб у яе межаў былі ўзброеныя дзеянні».
Між тым, менавіта праз тэрыторыю Беларусі 24 лютага 2022 года Расія пачала напад на Украіну.