Азаронак заявіў, што пажар у Віцебску можа быць звязаны з «жаданнем разгайдаць Беларусь перад выбарамі»
Прапагандыст СТБ параўнаў сітуацыю з водным калапсам у Мінску летам 2020 года.
16.12.2024 / 15:35
Рыгор Азаронак. Скрыншот відэа sbbytoday / YouTube
Прапагандыст Рыгор Азаронак намякнуў, што за пажарам у ГЦ «Беларусь» у Віцебску могуць стаяць нейкія сілы, якія хочуць «разгайдаць Беларусь» перад выбарамі.
Вядучы СТБ у сваім тэлеграм-канале ўзгадаў пра праблемы з вадой у Мінску ў 2020 годзе. І вырашыў выбудаваць лагічны ланцужок.
«Не хачу нагнятаць канспіралогію, але сітуацыя з забруджваннем вады ў Мінску ў разгар электаральнай кампаніі ў 2020 годзе пакінула вельмі шмат пытанняў, таксама былі затрыманні. І ў сучаснай сітуацыі разгайдаць Беларусь можна як раз такімі вось падзеямі», — напісаў Азаронак.
У канцы чэрвеня 2020 года жыхары пяці раёнаў Мінска засталіся без пітной вады: з кранаў у кватэрах стала цячы кепская вадкасць, не прыдатная для ўжывання. Калапс закрануў 800 тысяч чалавек. Вырашыць праблему ўдалося толькі праз некалькі дзён. Аказалася, падчас рамонту вадаправода ў трубах застаялася вада: яе спачатку забыліся зліць, а потым не ачысцілі.
Ніякай канспіралогіі або дыверсій у той сітуацыі сілавікі не знайшлі. За службовую халатнасць асудзілі інжынера-тэхнолага ачышчальнай вадаправоднай станцыі: яму далі чатыры гады хатняй» хіміі « і забаранілі займаць пэўныя пасады на пяць гадоў. А інжынера па эксплуатацыі водаправодных сетак і зусім вызвалілі ад адказнасці па амністыі.
У выніку пажару ў ГЦ «Беларусь» у Віцебску 13 снежня пацярпелі 20 чалавек.