Польшча абвясціла ў вышук беларуса па падазрэнні ў дыверсіях
Паліцыя Польшчы абвясціла ў вышук беларуса Юрыя Ворсу паводле артыкула аб падрыхтоўцы дыверсій у інтарэсах замежных дзяржаў, заўважыла выданне «Агентство».
16.12.2024 / 21:47
Скрыншот: poszukiwani.policja.gov.pl
У базе вышуку польскай паліцыі ў кастрычніку з'явіўся 32-гадовы Юрый Ворса. Ён вышукваецца па пункце 7 артыкула 130 Крымінальнага кодэкса краіны (здзяйсненне дыверсій або тэрактаў у інтарэсах замежнай выведкі). Другі артыкул Ворсы — аб арганізаванай злачыннай групоўцы.
У той жа месяц, калі Ворса быў абвешчаны ў вышук, пракуратура Польшчы паведаміла пра арышт чатырох чалавек і абвяшчэнні ў вышук яшчэ дваіх па справе аб адпраўцы ў краіны ЕС і Вялікабрытанію пасылак з выбухоўкай.
Па звестках ведамства, гэтыя людзі ўдзельнічалі ў дзейнасці міжнароднай дыверсійнай групы, якая працуе на замежную разведку. Арыштаваным выставілі абвінавачванні па пунктах 7 і 8 артыкула 130 КК Польшчы.
Заходнія СМІ трактавалі прэс-рэліз як паведамленне аб арышце падазраваных па справе аб пажарах на складах DHL у ліпені і кастрычніку 2024 года ў брытанскім Бірмінгеме і нямецкім Лейпцыгу. The Wall Street Journal пісала, што абедзве аперацыі былі спробай расійскай вайсковай разведкі праверыць, ці можна зладзіць пажары на борце самалётаў, якія накіроўваюцца ў Паўночную Амерыку.
Гэта не адзіная справа аб дыверсіях, у рамках якіх улады Польшчы арыштоўваюць грамадзян Беларусі. За 2024 год Агенцтва ўнутранай бяспекі Польшчы затрымала ўжо больш за дзясятак грамадзян Польшчы, Украіны і Беларусі па абвінавачванні ў здзяйсненні падпалаў у розных гарадах Польшчы ў інтарэсах замежных спецслужбаў.
Як устанавіла «Агентство», Ворса — грамадзянін Беларусі. Скончыў ПТВ, працаваў на мясцовых заводах, у электрасеткавай кампаніі, санітарам на хуткай дапамозе, ахоўнікам у начных установах. У 2021-2022 гадах Ворса атрымліваў прыбытак ад Беларускай федэрацыі футбола.
Мяркуючы з уцечак з баз беларускіх сілавікоў, Ворса з 17 гадоў меў праблемы з законам. Яго рэгулярна штрафавалі за п'яныя бойкі і дэбошы. Двойчы на яго распачыналі крымінальныя справы за збіццё чалавека, але вядома толькі пра адзін прысуд — яму далі 200 гадзін грамадскіх работ.
У 2015 годзе Ворсу з змоўшчыкамі падазравалі ў пранікненні ў чужое жыллё, збіцці гаспадара і выкраданні рэчаў на 600 даляраў. У 2019-м Ворсу амаль на год абмежавалі выезд з краіны пасля чарговай п'янай бойкі.
Магчыма, Ворса быў таксама звязаны з неанацыстамі. Пра гэта сведчаць лічбы «1488»у назве ягонай старонкі ва «ВКонтакте».
У жніўні 2020 года Ворса атрымаў 15 сутак за ўдзел у пратэстах. У кастрычніку яго дадалі ў базу МУС «Беспарадкі». Увосень 2021-га Ворса ўпершыню выехаў з Беларусі.
Дзе цяпер знаходзіцца беларус, невядома, але 12 траўня 2024 года, у разгар наступу Расіі на Харкаўскую вобласць, ён трапіў на здымкі Reuters у Ваўчанску, сцвярджае «Агентства». Мяркуючы па іх, Ворса ў групе апранутых у вайсковую форму людзей аказваў дапамогу параненаму салдату. На адным з фота ў яго на грудзях відаць шаўрон са знакам 57-й асобнай мотапяхотнай брыгады УСУ, якая ў той момант знаходзілася ў Ваўчанску.
У Польшчы затрымалі дыверсантаў, якія рассылалі па Еўропе пасылкі з выбухоўкай
Кіраўнікі разведкі краін Захаду ўстрывожаныя «дзікімі паводзінамі» расійскіх спецслужбаў