Старшыня суда Хойніцкага раёна папрасіўся ў адстаўку па ўласным жаданні

Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ аб прызначэннях і перастаноўках сярод суддзяў. Фармальна іх усіх — нават на раённым узроўні — прызначае кіраўнік дзяржавы.

17.12.2024 / 10:27

Агулам у дакуменце ўзгадваецца 77 суддзяў. Але насамрэч з абсалютнай большасцю з іх проста былі заключаныя новыя кантракты, а самі яны засталіся на ранейшай пасадзе.

У адстаўку адпраўлена сем суддзяў. Звяртае на сябе ўвагу старшыня Хойніцкага суда Юрый Крыкун — ён адзіны, хто звольніўся па ўласным жаданні.

Юрый Крыкун. Фота: hoiniki.by

Крыкуну 45 гадоў. Ён былы міліцыянер. У статусе суддзі адпрацаваў больш за 20 гадоў — у Жлобіне, Лоеве, Рэчыцы і ўрэшце ў Хойніках. База «Зубр» не ўтрымлівае доказаў таго, каб Крыкун уласнаручна выносіў палітычныя рашэнні — зрэшты, і пратэснай актыўнасці ў Хойніках было няшмат, — аднак запляміліся яго падначаленыя, якія саджалі людзей на суткі.

Кіраваць Хойніцкім судом замест Крыкуна паставілі Станіслава Іванюценку з Рэчыцы. А вось гэты якраз удзельнічаў у палітычным пераследзе. Паколькі ў Рэчыцкім раёне знаходзіцца жаночая калонія для паўторна асуджаных, то палітычныя справы за «непадпарадкаванне адміністрацыі» разглядаюцца менавіта тут. У прыватнасці, Іванюценка прызначыў дадатковы год зняволення палітзняволенай Вікторыі Кульшы.

Nashaniva.com