«Літве патрэбная іміграцыя» — новы літоўскі прэм’ер-міністр

Што праўда — дадае ён, — важна, каб імігранты былі культурна блізкімі літоўцам.

17.12.2024 / 13:09

Гінтаўтас Палуцкас, намінаваны на пасаду прэм’ер-міністра, выступае падчас пасяджэння літоўскага парламента ў Вільні, Літва, 21 лістапада 2024 года. Фота: Mindaugas Kulbis / AP

Падчас тэлевізійнай праграмы «Forumas» на LRT прэм’ер-міністр Літвы Гінтаўтас Палуцкас заявіў, што іміграцыя для Літвы — ужо не выбар, а жыццёвая неабходнасць.

Сучасныя грамадствы — кажа ён — робяць стаўку на прафесійную кар’еру і жыццёвы камфорт, а не на стварэнне вялікіх сем'яў.

У выніку ўзнікае недахоп працоўных рук, які можна запоўніць толькі праз іміграцыю, асабліва ў сектарах з вострым дэфіцытам кадраў.

Пры гэтым прэм’ер-міністр адзначыў, што для мінімізацыі сацыяльных напружанняў імігранты павінны прыбываць з краін, культурна блізкіх да Літвы.

Палуцкас таксама папярэдзіў пра пагрозу «сацыяльнага дэмпінгу», калі замежныя рабочыя згаджаюцца на меншую аплату працы, чым мясцовыя жыхары. Гэта можа прывесці да несправядлівай канкурэнцыі і пагоршыць становішча літоўскіх працоўных.

Як і многія краіны Усходняй Еўропы, Літва сутыкнулася з маштабнай хваляй эміграцыі пасля ўступлення ў Еўрапейскі Саюз у 2004 годзе. За апошнія два дзесяцігоддзі сотні тысяч літоўцаў пакінулі радзіму, бо ў Заходняй Еўропе маглі зарабляць лепш, а выезд стаў свабодны.

З моманту аднаўлення незалежнасці ў 1990 годзе краіна перажыла істотныя дэмаграфічныя змены: насельніцтва скарацілася на 24% праз эміграцыю. Гэта негатыўна паўплывала на ўзровень нараджальнасці, спрычыніла старэнне працоўнай сілы і абвастрыла дэфіцыт рабочых рэсурсаў.

Аднак у апошнія гады Літва назірае станоўчую дынаміку. З 2019 года сальда міграцыі станоўчае: колькасць прыбылых перавышае колькасць тых, хто з’язджае. Напрыклад, у 2022 годзе Літва прыняла 87 367 імігрантаў пры 15 270 эмігрантах, што дало чысты прырост 72 097 чалавек.

У наступным годзе прырост быў крыху меншы, але таксама значны: амаль 50 тыс. чалавек.

Крыніца: RDB. * Колькасць людзей, якія пераязджаюць у краіну (імігранты), мінус колькасць людзей, якія выязджаюць з гэтай краіны (эмігранты) за пэўны перыяд. ** Колькасць мігрантаў на 1 000 жыхароў дадзенай краіны.

Міхась Чэсны