Грамадзяніна Узбекістана падазраюць у забойстве ў Маскве генерала Кірылава

Ён нібыта быў завербаваны ўкраінскімі спецслужбамі.

18.12.2024 / 09:35

«Затрыманы выканаўца забойства начальніка войскаў РХБЗ Кірылава — 29-гадовы грамадзянін Узбекістана», паведамілі ў ФСБ.

Затрыманы дастаўлены да следчага, з ім праводзяцца следчыя дзеянні. Падчас допыту ён растлумачыў, што быў нібыта завербаваны ўкраінскімі спецслужбамі, паведамляе тэлеграм-канал «Раньше всех».

Нібыта па іх заданні ён прыбыў у Маскву і атрымаў самаробнае выбуховае прыстасаванне.

Ён размясціў яго на электрасамакаце, які прыпаркаваў ля пад'езда жылога дома, дзе пражываў Ігар Кірылаў. У мэтах назірання за месцам пражывання вайскоўца ім быў арандаваны аўтамабіль каршэрынгу, дзе ён паставіў камеру відэаназірання.

Здымка з гэтай камеры транслявалася арганізатарам тэракту ў анлайн рэжыме ў горад Дняпро. Пасля таго як паступіў відэасігнал аб выхадзе вайскоўцаў з пад'езда, выбуховае прыстасаванне было дыстанцыйна прыведзена ім у дзеянне.

«За ўчыненне гэтага злачынства выканаўцу нібыта гарантавалася грашовае ўзнагароджанне 100 тысяч даляраў ЗША і выезд у адну з еўрапейскіх краін для пражывання», гаворыцца ў паведамленні ФСБ.

Nashaniva.com