Эйсмант пра інфармацыйную вайну: Дзяржаўныя СМІ годна трымаюць удар
Апошнім час дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі кардынальна змянілі сваю працу і годна трымаюць удар. Такое меркаванне журналістам выказаў старшыня НДТРК Іван Эйсмант на рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі «Актуальныя праблемы сацыяльнай палітыкі і ідэалогіі» ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Беларусі, піша БелТА.
18.12.2024 / 15:55
«Пра ролю журналістаў у забеспячэнні інфармацыйнай бяспекі вельмі шмат апошнім часам гавораць. Ужо набіў аскому выраз, што мы жывем у эпоху інфармацыйнай вайны, але гэта адпавядае рэчаіснасці. Нашы заходнія былыя партнёры выдзяляюць велізарныя грошы нібыта на развіццё дэмакратыі ў Беларусі, насамрэч — на барацьбу з дзяржаўнай уладай у нашай краіне.
Іншае пытанне, куды гэтыя грошы дзяваюцца. Ёсць падазрэнне, што большай часткай яны раскрадаюцца, што нядрэнна для нас, але ўсё роўна нам трэба быць напагатове. Вядома, у апошні час дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі кардынальна змянілі сваю працу. Я лічу абсалютна верным, што мы да гэтага так не працавалі, бо час не дыктаваў, не было ў гэтым ніякага сэнсу. Цяпер мы хутка перабудаваліся, я думаю, што мы годна трымаем удар», — сказаў Іван Эйсмант.