Зяленскі дапусціў, што пасля прэзідэнцтва будзе зноў смяшыць людзей
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі даў інтэрв'ю французскаму выданню Le Parisien, у якім сярод іншага было закранута пытанне ягонай магчымай будучыні пасля заканчэння прэзідэнцкіх паўнамоцтваў.
18.12.2024 / 20:13
Уладзімір Зяленскі. Фота: AP Photo/Efrem Lukatsky
Журналіст французскага выдання адзначыў, што Зяленскі некалі набыў вядомасць тым, што смяшыў людзей, і спытаўся, ці не думаў той, каб калісьці зноў пачаць гэта рабіць.
«Складана адказаць, шчыра, не ведаю. Я думаю, што гэта залежыць у цэлым ад таго, які чалавек унутры, і я не ведаю, таму што гэтая вайна ўплывае на ўсіх нас. Калі я не страчу таго, што было ўнутры, то хто яго ведае, — можа быць», — заявіў палітык.
Таксама інтэрв'юер пацікавіўся, што Зяленскі зрабіў бы па-іншаму ў мінулым, улічваючы досвед трохгадовай поўнамаштабнай вайны, калі б ведаў пра ўсё гэта загадзя. Той адказаў:
«Вельмі складана так сказаць. Вы ведаеце, не ад нас залежаў пачатак вайны. На нас напалі. Гэта значыць, дакладна не да мяне пытанне. А пытанне да тых, хто пачаў, развязаў вайну. Ці можна было нешта зрабіць інакш? Так, 100%.
А што тычыцца мяне — штодня я прымаю рашэнні. Часам гэта адзін, два, тры выпадкі, а часам — дзясяткі рашэнняў, і вельмі хуткіх. Я думаю, што калі мы змаглі выстаяць, то большасць гэтых рашэнняў — правільныя, няправільныя, не ведаю, — але былі ўдалымі, былі прадуктыўнымі. А частка гэтых рашэнняў дакладна была, скажам так, нерэзультатыўная».
«У нас няма сіл вярнуць іх». Зяленскі — пра Крым і Данбас
Зяленскі выключыў замарозку вайны для перамоваў з Расіяй пасля прыходу Трампа да ўлады
«Анекдот!». Зяленскі выказаў усё, што думае пра пасярэдніцтва Орбана
Зяленскі казаў пра бяспеку, а Трамп — пра неадкладнае спыненне агню. Дэталі сустрэчы ў Парыжы