Ён быў першым беларусам на «Еўрабачанні» і зоркай, якую ведала ўся краіна — Міхаіл Фінберг

Абласканы ўладай, апошнія гады жыцця гэты чалавек правёў у адзіноце і памёр па дарозе на работу. Чаго ён моцна саромеўся і чаго баяўся? Чаму ён лічыў свой шлюб памылкай і доўгі час не размаўляў са сваім адзіным сынам? А таксама як ставіўся да Аляксандра Лукашэнкі і як дазволіў сябе выкарыстаць падчас пратэстаў 2020 года? 

12.01.2025 / 07:00

Міхаіл Фінберг. Фота: БелТА

Меір Янкелевіч Фінберг нарадзіўся 21 лютага 1947 года ў Мазыры ў вялікай габрэйскай сям’і. Так, менавіта Меір — Міхаілам па пашпарце будучы маэстра стане толькі ў 20 гадоў. Хлопчык быў пятым дзіцём рабочага Янкеля Фінберга і прачкі Бэлы Кацман, якім на момант ягонага нараджэння было ўжо за 40. Чацвёра іх дзяцей нарадзіліся задоўга да вайны. Самая малодшая, Зіна, памерла ад голаду ў цягніку па дарозе ў эвакуацыю.

Сям'я Фінбергаў. Мазыр. Канец 1950-х гадоў. У першым шэрагу Міша Фінберг (злева), яго бацька Янкель, маці Бэла. Фота: finbergeli / Facebook

Пасля вайны Фінбергі вярнуліся на радзіму і пасяліліся ў Мазыры, дзе і нарадзіўся іх самы малодшы сын Міша. У сям’і размаўлялі на ідышы, і першыя гады свайго жыцця будучы дырыжор ніякай іншай мовы не ведаў.

Бэла Фінберг. Фота: finbergeli / Facebook

Сям’я жыла небагата. Гаспадарка амаль цалкам ляжала на плячах матулі Бэлы, якая ўручную абсцірвала цырульні і вайскоўцаў. Нягледзячы на вельмі беднае жыццё, якога саромеўся маленькі Міша, яго маці заклала яму каштоўнасць навучання. І вучыцца трэба было не проста добра, а лепш за астатніх, бо яўрэям у Савецкім Саюзе было нашмат цяжэй за іншых.

Канец 1950-х гадоў. Міша Фінберг (у цэнтры) з пляменніцай Жэняй і бацькам на прагулцы па Мінску. Фота: finbergeli / Facebook

Аднойчы Фінбергі здалі адзін з пакояў у сваім доме музыку, які граў у духавым аркестры на пахаваннях. Ён прыходзіў з працы, даставаў свой альт і штосьці дудзеў, а маленькі Міша спрабаваў пераняць. Таксама старэйшы брат падарыў яму маленькі барабан, на якім малы выстукваў піянерскія маршы. 

Міхаіл Фінберг за барабанамі. Фота: finbergeli / Facebook

Убачыўшы захапленне сына, маці аддала яго ў музычную школу, а таксама плаціла даволі сур’ёзныя грошы за пракат скрыпкі. Так пачалася творчая кар’ера Меіра Фінберга, але яна ледзь не скончылася на самым старце, бо хлопца не хацелі прымаць у музычныя вучылішчы, куды ён неаднаразова спрабаваў паступіць.

Пасля чарговай няўдалай спробы 15-гадовы Фінберг апынуўся ў расійскім Курску, дзе стаў выхаванцам вайсковага аркестра — там ён граў на трамбоне. Аднойчы ў Курск з Масквы прыехала высокае вайсковае кіраўніцтва і спытала, якія ёсць у каго пытанні.

Фінберг папрасіў, каб яму дапамаглі вярнуцца дадому. Беларус напісаў ліст на імя міністра абароны і гэта спрацавала — хлопца перавялі ў Мінск, у аркестр штаба Беларускай вайсковай акругі.

Міхаіл Фінберг падчас службы. Фота: finbergeli / Facebook

Фінберг хацеў дадому, бо ў сярэдзіне 60-х з Мазыра ў Мінск пераехалі ўжо пажылыя бацькі музыканта. Здарылася гэта дзякуючы іх старэйшаму сыну Боруху. Ён прайшоў вайну ў сістэме ваенных трыбуналаў і вярнуўся з двума ордэнамі Чырвонай зоркі і ў званні капітана. А ў канцы 40-х стаў адным з першых у Мінску адвакатаў па грамадзянскіх справах і браў удзел у судах над калабарацыяністамі.

Барух Фінберг. Фота: finbergeli / Facebook

У сваёй сферы Борух Фінберг быў сапраўднай зоркай і меў уплывовыя сувязі. Таму з вучобай яго малодшага брата больш не было ніякіх праблем: той хутка скончыў музычную вучэльню, а пасля — экстэрнам — і Беларускую дзяржаўную кансерваторыю. Менавіта падчас навучання там, ён адмовіўся ад свайго габрэйскага імені і афіцыйна стаў Міхаілам Фінбергам, а таксама перайшоў з вайсковага аркестра ў калектыў Дзяржтэлерадыё. 

Але роля шараговага трамбаніста абцяжарвала хлопца. Ён марыў стаць дырыжорам і кіраваць музыкантамі, а не быць адным з іх. І ў 1970 годзе лёс даў яму такі шанец — 23-гадовага Міхаіл Фінберга прызначылі дырыжорам у аркестр Мінскага дзяржаўнага цырка. 

Міхаіл Фінберг (злева) разам з сябрам Уладзімірам Паперам. Сярэдзіна 1960-х. Фота: finbergeli / Facebook

Знайшоўшы сабе прэстыжную працу, ён вырашыў пачаць пошукі добрай жонкі. Шукаць годную габрэйку Фінберг паехаў у Бабруйск да свайго сябра, які быў музыкантам у мясцовым рэстаране. Там яны пазнаёміліся з яркай дзяўчынай, якая адразу прыцягнула ўвагу сяброў — модная прычоска, кароткая спадніца і сонечныя акуляры. Ала Гофман вельмі праглянулася дырыжору.

Дзяўчыне, якая была на два гады маладзейшай за хлопца, у сваю чаргу, таксама прышлося даспадобы ягонае красамоўства. У той жа вечар кавалер апрануў касцюм і пайшоў знаёміцца з маці Алы, якая была загадчыцай буфетам у рэстаране. Чырвоны дыплом кансерваторыі ўразіў жанчыну, і тая дала дабро. Не прайшло і месяца пасля знаёмства, як Міхаіл Фінберг і Ала Гофман падалі заяву ў ЗАГС. 

Міхаіл Фінберг і Ала Гофман (справа). Да 1972 года. Фота: finbergeli / Facebook

Вяселле згулялі ў канцы лістапада таго ж 1970 года. Дзяцей жанілі дзве зусім розныя габрэйскія сям’і — Янкелю Фінбергу ўжо 70, ён разам з крыху маладзейшай жонкай прайшоў праз беднае цяжкае жыццё і ўжо страціў дваіх дзяцей. Гофманы — іх супрацьлегласць. Абаім каля пяцідзесяці. Кіраўнік сямейства пасля вайны працаваў майстрам у калоніі для непаўналетніх, а яго жонка — у рэстаране. Па савецкіх мерках яны былі заможнымі людзьмі, і нават падрыхтавалі зяцю салідны пасаг: гарбаты «Запарожац» і новы фірмовы трамбон. 

Сям'я Гофманаў. Фота: finbergeli / Facebook

Аднак вяселле ледзь не скончылася ў самым разгары. Суроваму Янкелю Фінбергу не спадабалася штосьці сказанае кімсьці з боку ягонай новаспечанай нявесткі. Пажылы мужчына ўстаў са стала і сказаў на ідышы свайму сыну і жонцы: «Збірайцеся, мы паедзем». Пасля гэтага рашуча накіраваўся да выхаду. Але Фінберга-старэйшага ўдалося супакоіць, і свята, на першы погляд, было выратаванае. 

26 лістапада 1970 года. Міхаіл Фінберг разам са сваёй нявестай Алай Гофман. Бабруйск. Фота: finbergeli / Facebook

Даволі хутка цыркавы аркестр пад кіраваннем Фінберга стаў з’явай не толькі беларускага, але і ўсесаюзнага маштабу. Фінбергу давялося папрацаваць з вядомымі артыстамі: клоўнамі Юрыем Нікуліным і Алегам Паповым, ілюзіяністам Ігарам Кіа і дрэсіроўшчыкам Мсціславам Запашным.

Цыркавы аркестр пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга. Фота: finbergeli / Facebook

Часта бывалі і замежныя гастролі. Так, у 1979 годзе ў Югаславіі Міхаіл Фінберг купіў сабе карычневую «Волгу» экспартнай мадэлі. Гэта была машына савецкага бізнэс-класу, якая адразу стала з’явай у дварэ дома па мінскай вуліцы Уманскай, дзе жылі Фінбергі. Зайздросныя людзі драпалі яе па начах, здымалі шчоткі і нават аднойчы аблілі «Волгу» нейкай хіміяй. 

Міхаіл Фінберг каля сваёй «Волгі». Фота: finbergeli / Facebook

Першая палова 80-х была няпростым часам для Міхаіла Фінберга, які, здавалася, ужо зарабіў сабе імя і аўтарытэт. Рэспубліканская наменклатура скептычна глядзела на актыўнага габрэя. На яго пісалі ананімныя даносы, таксама праз паходжанне дырыжора не ўзялі ў камуністычную партыю. Фінберг перажываў гэта цяжка: ён цалкам ссівеў яшчэ да 40 гадоў. А таксама задумваўся ўслед за іменем змяніць і прозвішча — дзеля кар’еры ўзяць які-небудзь нейтральны псеўданім. Але на гэты крок ён так і не пайшоў.

Міхаіл Фінберг (першы справа ў першым шэрагу) разам з калектывам свайго аркестра. Фота: finbergeli / Facebook

Сам дырыжор быў пры гэтым вялікім патрыётам сваёй краіны. Будучы габрэем, ён быў супраць рэпатрыяцыі. Сваім сябрам Фінберг скардзіўся на тое, што яшчэ з 70-х яго запрашалі пераехаць у Ізраіль, але ён быў катэгарычна супраць, бо лічыў сябе ў першую чаргу савецкім і беларускім грамадзянінам, і толькі ў другую — габрэем.

Перажыць складаныя часы Міхаілу Фінбергу дапамаглі два мэтры беларускай культуры — кампазітары Яўген Глебаў і Ігар Лучанок. Яны з задавальненнем супрацоўнічалі з ягоным аркестрам, а з іх асабістымі адносінамі звязаная адна паказальная гісторыя.

Яўген Глебаў і Ігар Лучанок

І Глебаў, і Лучанок любілі прыходзіць у госці да дырыжора. Прычым абодва недалюблівалі адзін аднаго, таму наведваліся ў розны час. У сваёй кватэры Фінбергі захоўвалі партрэты дваіх кампазітараў, і перад чарговым візітам галава сямейства папярэджваў сына ці жонку, чыё фота трэба паставіць на кніжную паліцу. Гасцей цешыла такое стаўленне да сябе, але насамрэч за гэтым хаваўся адзін з сакрэтаў сям’і дырыжора — партрэтамі закрывалі ад чужых вачэй кнігі габрэйскага пісьменніка Шолам-Алейхема. 

Лёс звёў Міхаіла Фінберга яшчэ з адным беларускім класікам. Аднойчы ў лечкамісіі ён сустрэўся з Уладзімірам Караткевічам, незадоўга да ягонай смерці.

Уладзімір Караткевіч

Пісьменнік ласкава называў дырыжора «Міхаськам» і прасіў прынесці яму выпіць. Фінберг не адмаўляў і гэтым наблізіў Караткевіча да сябе. Уладзімір Сямёнавіч вучыў свайго маладога таварыша правільнаму беларускаму вымаўленню.

У 1985 годзе да ўлады ў СССР прыйшоў малады Міхаіл Гарбачоў. Пачалася перабудова, а праз два гады беларускае міністэрства культуры прыняла рашэнне стварыць новы дзяржаўны канцэртны аркестр. І галоўным яго дырыжорам быў абраны не хто іншы як Міхаіл Фінберг, якому тады толькі спаўнялася 40.

Фота: orchestra.by

Яму давялося з нуля набіраць музыкантаў і спевакоў. Часта гэта рабілася проста па рэкамендацыях калег. Так у аркестры Фінберга летам 1987 года з’явіўся малады спявак Аляксандр Саладуха, выступленне якога прыкмеціў у рэстаране сябар і калега дырыжора. Але Фінберга хапіла толькі на год, бо ўжо летам 1988-га Саладуху звольнілі за прафнепрыдатнасць.

Аляксандр Саладуха ў маладосці

Дысцыпліна і абавязковая музычная адукацыя былі дзвюма ідэямі фікс Міхаіла Фінберга. Таксама ён быў катэгарычным прыхільнікам сухога закону ўнутры калектыва. А Саладуха не мог пахваліцца ні дыпломам кансерваторыі, ні адсутнасцю праблем з алкаголем. Ён не стаў высвятляць у дырыжора прычыны свайго звальнення і пайшоў у сольнае плаванне.

Фота: finbergeli / Facebook

Акрамя таго, што Фінберг адказваў за музычную частку свайго аркестра, ён на сабе цягнуў і менеджарскую нагрузку. Мастацкі кіраўнік клапаціўся пра тое, дзе і як жывуць ягоныя музыканты і артысты, замаўляў транспарт і арганізоўваў розныя фестывалі ды гастролі. У той жа час для яго было жыццёва важным выканаць дзяржаўны план па канцэртах.

У музычных колах Минска была нават адмысловая прымаўка: «Калi за справу браўся Фiнiк, то справа мела добры вынiк!». Хто такі Фінік, вы напэўна, зразумелі і без падказкі.

Міхаіл Фінберг быў сярод арганізатараў Усесаюзнага фестываля польскай песні, дзеля якога ў Віцебску пабудавалі знакаміты амфітэатр. Пасля развалу СССР дырыжору ўдалося захаваць свой аркестр, і ён быў сярод арганізатараў новай музычнай з’явы — «Славянскага базара». 

Фота: finbergeli / Facebook

З самым першым фестывалем у 1992 годзе звязаная даволі драматычная гісторыя з асабістага жыцця Міхаіла Фінберга. Калі ў Віцебску канцэртны аркестр Беларусі граў для удзельнікаў «Славянскага базару», сын дырыжора ад’язджаў з Беларусі назаўсёды. Аляксандра Фінберга, якому яшчэ не было і 20 гадоў, на пероне чыгуначнага вакзала праважалі маці Ала і сябры. Бацька ж замест развітання з сынам абраў працу. 

Міхаіл Фінберг разам з сваім сынам Аляксандрам. Фота: finbergeli / Facebook

А ў сярэдзіне 90-х заслужаны дырыжор застаўся зусім адзін са сваімі рэгаліямі. Кажуць, што Ала Фінберг паставіла мужу ультыматум: або яна, або аркестр. А той, у сваю чаргу, паставіў кропку ў шлюбе, які даўно даў расколіну і які сам дырыжор публічна называў памылкай. Неўзабаве Ала Фінберг перабралася да сына.

Ала Фінберг. Фота: finbergeli / Facebook

Дырыжор няпроста перажываў ад’езд сваёй сям’і, але доўгі час ніякіх кантактаў ні з былой жонкай, ні з сынам не падтрымліваў. І ў інтэрв’ю, і ў прыватных размовах з сябрамі ён нават казаў, што ў яго няма ніякіх сваякоў у Ізраілі.

Аляксандр Фінберг. Фота: finbergeli / Facebook

Перажываць страту Міхаілу Фінбергу дапамагала праца. Ён уставаў а пятай раніцы і заўсёды хадзіў на працу пешкі. Канцэртны аркестр Беларусі складаў праграмы на вершы беларускіх паэтаў, ладзіў буйныя фестывалі, а таксама прасоўваў культуру на экспарт. 

Фота: finbergeli / Facebook

Мала хто ведае, але менавіта Фінберг быў першым беларусам на прэстыжным конкурсе «Еўрабачанне». У 1995 годзе яго ўзяў з сабой у ірландскі Дублін прадстаўнік Расіі Філіп Кіркораў, бо тады ўсе ўдзельнікі павінны былі выступаць з аркестрам.

Скрыншот з відэа Library of Eurovision

Расіянін заняў толькі 17-е месца з 23-х, а Фінберг пасля абураўся, што ягоны досвед аказаўся нікому не цікавым на радзіме. А таксама лічыў, што прадстаўніка Беларусі павінна вызначаць спецыяльная мастацкая рада.

У тым жа 1995-м аркестр Фінберга пачаў здымацца ў папулярнай расійскай тэлеперадачы «Угадай мелодыю». Яго незадоўга да сваёй смерці адабраў асабіста кіраўнік канала АРТ Улад Лісцьеў, і ў наступныя гады беларускі калектыў возьме ўдзел у здымках соцень праграм.

Міхаіл Фінберг лічыў сябе патрыётам Беларусі, але ў той жа час ён не падзяляў Беларусі і Расіі. Прынамсі, культурна. Ягоны аркестр працаваў з усімі вядомымі расійскімі артыстамі, здымаўся ў навагодніх аганьках, а Фінберг у 2004-м атрымаў сваю таблічку на Алеі Зорак у Маскве — на 12 гадоў раней за такую ж у Віцебску. Праўда, той памятнай плошчы ў расійскай сталіцы ўжо даўно не існуе.

Фота: orchestra.by

Таксама варта адзначыць, што патрыятызм па Фінбергу азначаў тое, што трэба быць абавязкова чалавекам дзяржаўным. Энергіі дырыжора ў пэўны момант хапала і на ўдзел у палітыцы: ён быў намеснікам старшыні грамадскай рады пра Савеце міністраў, а ў 2000 годзе па лукашэнкаўскай квоце ўвайшоў у Савет Рэспублікі. Фінберг быў сенатарам восем гадоў, якія змясцілі ў сабе рэферэндум, што дазволіў Аляксандру Лукашэнку правіць да канца жыцця, а таксама чарговае яго пераабранне ў сакавіку 2006-га.

Фота з архіваў

З гадамі тэмп працы Фінберга не спыняўся. Ягоны аркестр даваў дзясяткі канцэртаў штогод і нязменна браў удзел у «Славянскім базары». Для музыкантаў і артыстаў дырыжор быў усім — ён сачыў за тым, як яны выглядаюць і што апранаюць, не дапускаў спазненняў, а за парушэнне дысцыпліны лёгка развітваўся з супрацоўнікам. 

Паралельна мянялася эпоха. Дзякуючы інтэрнэту папулярнымі станавіліся артысты без аніякай музычнай адукацыі. У той жа час славуты дырыжор скардзіўся, што праграмы ягонага аркестра не гучаць па радыё, а ў яго самога рэдка бяруць інтэрв’ю. Пра новых поп-зорак Фінберг дазваляў сабе выказвацца вельмі крытычна.

Яшчэ больш негатыўным было меркаванне народнага артыста Беларусі наконт падзей 2020 года. Восенню аркестр пад кіраваннем Міхаіла Фінберга запрасілі сыграць цэлы цыкл канцэртаў на сцэне Купалаўскага тэатра, з якога на знак пратэсту супраць гвалту сілавікоў сышлі амаль усе акцёры і супрацоўнікі.

Артысты калектыва не хацелі выступаць на гэтай сцэне і спадзявалася, што кіраўніцтва здолее адмовіцца. Але Фінберг заявіў, што тыя, хто выходзяць на вуліцу, — бандыты. А на пытанне пра бел-чырвона-белы сцяг адказаў, што ў ягоным жыцці быў толькі адзін сцяг — чырвоны. 

У выніку канцэрт у Купалаўскім тэатры ўсё ж адбыўся — і на яго прыйшлі ўсяго 11 чалавек.

Але тут важна сказаць, што на той момант Фінбергу было ўжо 73 гады. У яго былі праблемы са здароўем, і яму ўжо было цяжка працаваць — ён дырыжыраваў седзячы. Тым не менш маэстра да самага апошняга дня не думаў ні аб чым іншым, акрамя свайго аркестра. 

Міхаіл Фінберг і яго аркестр. Фота: БелТА

За некалькі гадоў да смерці ён зноў наладзіў кантакты са сваім сынам Аляксандрам. Той пражыў больш за 20 гадоў у Ізраілі, прыняў там новае імя Элі і ў выніку адмовіўся ад беларускага грамадзянства. Сёння мужчына разам з сям’ёй жыве ў Канадзе і піша вельмі цёплыя допісы пра сваю сям’ю ў сацсетках. Яго маці засталася ў Ізраілі. 

Міхаіл Фінберг. Фота: Нацыянальны акадэмічны аркестр Беларусі

Міхаіл Фінберг памёр 11 снежня 2021 года. Ягоны сын напісаў, што бацькі не стала на дарозе на работу, дактары не змаглі яго выратаваць. Пахавалі народнага артыста на Усходніх могілках у Мінску побач з першым прэм’ер-міністрам незалежнай Беларусі Вячаславам Кебічам.

Запаветам ён пакінуў наступную просьбу: «Я хацеў бы, каб мяне хаця б крыху любілі, як я люблю сваю радзіму і сваіх музыкантаў».

Помнік на магіле Міхаіла Фінберга. Фота: finbergeli / Facebook

У верасні 2023-га на магіле маэстра з’явіўся беларускамоўны помнік. Прычым, яго стваральнікі дапусцілі памылку, якую інакш як тупой не назавеш — у слове Міхаіл яны напісалі рускую літару «и». Наўрад ці б пры жыцці Фінберг ацаніў такое нядбалае стаўленне да працы і да сябе. 

Сёння аркестр, які дырыжор стварыў і дзе працаваў 34 гады, носіць імя Міхаіла Фінберга. У пасёлку Мір з’явілася вуліца ў яго гонар, а ў Мінску і Маладзечне — мемарыяльныя дошкі. Вуліца Фінберга ў Мінску, здаецца, — гэта толькі справа часу. І гэта славуты дырыжор заслужыў па праве, нягледзячы на заявы ў апошнія гады свайго жыцця. 

«Тата ніколі не ўхваліў бы такога». Сын Міхаіла Фінберга выказаўся пра помнік, усталяваны на магіле яго бацькі

У Маладзечне адкрылі мемарыяльную шыльду Міхаілу Фінбергу

Міхаіл Фінберг: Некаторыя артысты выбіраюць лёгкі шлях

Міхаіл Фінберг ініцыюе конкурс выканаўцаў беларускай песні

Nashaniva.com