Лідар паўстанцаў заявіў, што Сірыя не ўяўляе пагрозы для свету, і папрасіў зняць з краіны санкцыі

Фактычны лідар Сірыі Ахмед аль-Шараа заявіў, што краіна знясілена вайной і не ўяўляе пагрозы для сваіх суседзяў ці Захаду. У інтэрв'ю Бі-бі-сі ў Дамаску ён заклікаў зняць санкцыі з Сірыі.

19.12.2024 / 09:21

Аль-Шараа ўзначаліў вокамгненны наступ, у выніку якога менш за два тыдні таму быў скінуты рэжым Башара Асада. Ён з'яўляецца лідарам групоўкі «Хаят Тахрыр аш-Шам» (ХТШ), якая дамінуе ў паўстанцкім альянсе, і раней быў вядомы пад сваім баявым псеўданімам Абу Мухамед аль-Джулані.

Ён сказаў, што ХТШ трэба выключыць са спісу тэрарыстычных арганізацый. У гэты спіс групоўку ўнеслі ААН, ЗША, ЕС, Вялікабрытанія, Расія і многія іншыя краіны — ХТШ пачынала сваю дзейнасць, адкалоўшыся ад «Аль-Каіды» (таксама прызнана тэрарыстычнай і забаронена) у 2016 годзе.

Ахмед аль-Шараа сказаў, што «Хаят Тахрыр аш-Шам» не з'яўляецца тэрарыстычнай групоўкай.

Яны не нападалі на мірных жыхароў ці грамадзянскія раёны, сказаў ён. Насамрэч, яны лічаць сябе ахвярамі злачынстваў рэжыму Асада. А з ахвярамі, паводле слоў лідара паўстанцаў, нельга абыходзіцца гэтак жа, як з агрэсарамі.

Аль-Шараа абвяргае падазрэнні, што ён хоча ператварыць Сірыю ў падабенства Афганістана.

Ён сказаў, што гэтыя краіны вельмі розныя, з рознымі традыцыямі. Афганістан — гэта племянное грамадства. У Сірыі, паводле яго слоў, іншы менталітэт. У прыватнасці, аль-Шараа сказаў, што верыць у неабходнасць адукацыі для жанчын.

«У нас у Ідлібе ўніверсітэты працуюць больш за восем гадоў. Я думаю, доля жанчын у гэтых універсітэтах — больш за 60%», — сказаў аль-Шараа.

На пытанне, ці будзе ў Сірыі дазволены алкаголь, ён адказаў: «Ёсць шмат рэчаў, пра якія я проста не маю права казаць, таму што гэта — юрыдычныя пытанні».

Аль-Шараа дадаў, што ў Сірыі будзе створаны камітэт з правазнаўцаў, які складзе новую канстытуцыю: «Вырашаць будуць яны. І любы кіраўнік або прэзідэнт павінен будзе выконваць закон».

На працягу ўсяго інтэрв'ю апрануты ў цывільнае адзенне лідар паўстанцаў выглядаў расслабленым і стараўся супакоіць тых, хто лічыць, што яго групоўка не парвала са сваім экстрэмісцкім мінулым.

Многія сірыйцы яму не вераць.

Дзеянні новых кіраўнікоў Сірыі ў бліжэйшыя некалькі месяцаў пакажуць, якой краінай яны хочуць бачыць Сірыю і як хочуць ёю кіраваць.

Пад Дамаскам знайшлі масавае пахаванне ахвяр рэжыму Асада

Беларускае пасольства ў Сірыі будзе працаваць з Лівана

Башар Асад упершыню пракаментаваў сваю адстаўку

«Кампенсацыя за паразу ў Сірыі». Што стаіць за заявай Мядзведзева наконт «новых рэгіёнаў» Расіі

«Вісіць на валаску». Падзенне рэжыму Асада ставіць пад пагрозу расійскія аперацыі ў Афрыцы

Nashaniva.com