Вядомы гісторык прадказвае кітайска-расійскі канфлікт і бунт у Калінінградзе

Брытанскі гісторык Норман Дэвіс лічыць, што Расія — «сур'ёзны калека з ядзернай зброяй» — можа патрапіць у чараду крызісаў як унутрыпалітычных, так і знешніх.

19.12.2024 / 14:05

 Фота: Dmitry Serebryakov, File / AP Photo

Норман Дэвіс вядомы сваімі працамі па гісторыі Еўропы і Польшчы. Нядаўна з'явілася польскае выданне яго кнігі «Plus Ultra. Імкніся да большага. Падарожжа да гарызонтаў гісторыі» (Plus ultra. Sięgaj dalej. Wyprawa na horyzonty historii).

У сваім інтэрв'ю польскаму парталу Onet.pl Дэвіс прадставіў сваё бачанне магчымай будучыні Расіі.

«Я думаю, што гэтая вайна скончыцца, і Украіна выстаіць, а ў Расіі пачнуцца больш чым сур'ёзныя праблемы. Гэта будзе не проста праблема, а сапраўдны крызіс, нават некалькі крызісаў. На мой погляд, неўзабаве адбудзецца кітайска-расійскі канфлікт, і тады Еўропа на час зможа адчуць сябе ў бяспецы ад Расіі. Аднак гэта працягнецца нядоўга. Кітай — магутная дзяржава, а Расія трымаецца з апошніх сіл. Гэта сур'ёзны калека з ядзернай зброяй», — лічыць Дэвіс.

Праўда, гісторык не бярэцца прагназаваць, як хутка Расію напаткаюць такія змены, але яны непазбежныя як вынік працяглага працэсу накаплення разнастайных фактараў.

«Гістарычныя перамены падобныя да лавіны. Гады ідуць, і ледавік трымаецца маналітным блокам, які здаецца непарушным, цвёрдым і вечным. Але мы ведаем, што кожную хвіліну яго падточвае кропля вады. Аднойчы ён абрынецца», — заўважае гісторык і звяртае ўвагу на падзеі ў Сірыі.

«Зусім нядаўна яна выглядала як стабільная дыктатура: трывалая, упэўненая, з моцнымі саюзнікамі. І раптам, за лічаныя гадзіны, усё змянілася, усё павалілася. Ніхто, хто назіраў за Сірыяй, не мог прадбачыць, калі гэта здарыцца».

У сваіх прагнозах Норман Дэвіс звяртае ўвагу на Калінінградскую вобласць Расіі. На яго погляд, гэты расійскі анклаў істотна адрозніваецца ад астатніх рэгіёнаў краіны. Дэвіс мяркуе, што ў Калінінградзе можа адбыцца бунт супраць Расіі.

«На мой погляд, у Калінінградзе адбудзецца бунт супраць Расіі. Мясцовыя жыхары стаміліся ад цяперашняй сітуацыі. Яны знаходзяцца ў асяроддзі краін з нашмат лепшым узроўнем жыцця.

Сітуацыю ў гэтым рэгіёне нельга лічыць стабільнай і непахіснай. Адносіны ў Балтыйскім рэгіёне вельмі зменлівыя, а ў самой Расіі назапашваюцца сур'ёзныя праблемы.

Акрамя таго, жыхары Калінінграда значна лепш інфармаваныя пра тое, што адбываецца ў свеце, у параўнанні з расіянамі, якія жывуць дзесьці ў глыбінцы Сібіры. У Калінінградзе людзі бачаць, што адбываецца ў суседняй Літве, як жывуць у Польшчы».

На погляд Дэвіса, нават значная колькасць войскаў у гэтым рэгіёне не можа гарантаваць стабільнасці, як паказаў вопыт Сірыі.

«Безумоўна, значная частка насельніцтва анклава — гэта вайскоўцы і іх сем’і, але давайце згадаем падзеі ў Сірыі. Гэтая краіна таксама мела магутныя ўзброеныя сілы, якія ў выніку проста зніклі. Аднойчы ўначы салдаты скінулі свае мундзіры і збеглі».

Дэвіс падкрэслівае, што няўдачы Расіі ў Сірыі і ва Украіне — вялікі ўдар для Пуціна. У канчатковым выніку яны могуць паўплываць на баявы дух расіян.

«Ва Украіне загінулі сотні тысяч расіян, і рана ці позна гэта дасць свой вынік. Пуцін жыве перамогамі, яны яго падтрымліваюць. Але ён падманвае самога сябе, бо і ў Сірыі ён пацярпеў паражэнне, і ва Украіне працягвае зазнаваць няўдачы, што з'яўляецца для яго вялізным ударам», — тлумачыць Дэвіс.

Кіраўнік праваслаўнага канала прагназуе вайну Расіі з Турцыяй за вызваленне Канстанцінопаля

«Ну ты ж гісторык, распавядзі нам, што будзе далей». Як беларускія гісторыкі ператварылі піва ў каву

Гісторык напісаў кнігу пра палітыка, які дапусціў у Беларусі адну з самых вялікіх бед. Яго рашэнні дагэтуль уплываюць на развіццё краіны

Nashaniva.com